Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“RZECZPOSPOLITA”: ІЗАЛЯВАНЬНЕ ЛУКАШЭНКІ АД ЭЎРОПЫ НАЎРАД ЦІ ДАПАМОЖА БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У сёньняшнім нумары штодзёньніка “Rzeczpospolita”, вядомы палітычны аглядальнік Пётра Касьцінскі дыскутуе са сваім калегам Барташам Ялавецкім, які напярэдадні напісаў, што Польшча павінна “скончыць любоўную прыгоду з рэгіянальным Садамам” – так спадар Ялавецкі назваў беларускага кіраўніка.

У сваю чаргу Пётра Касьцінскі піша, што Польшча ніякай “любоўнай прыгоды” з Лукашэнкам ніколі не мела і ня мае цяпер.

“Майго калегу абурае крытычнае стаўленьне польскага ўраду да намеру Эўрапейскага Зьвязу скасаваць у гандлі зь Беларусяй рэжым найбольшага спрыяньня за парушэньні афіцыйным Менскам правоў прафсаюзаў. Але лідэры беларускай апазыцыі, якія былі напярэдадні ў Варшаве таксама казалі, што гэтыя санкцыі пашкодзілі б перадусім звычайным грамадзянам, а ня ўладам. Акрамя гэтага, дзе ў сьвеце эканамічныя санкцыі дасягнулі нейкай палітычнай мэты?”, – адзначае аўтар.

Спадар Касьцінскі піша, што спыненьне ўсялякіх дачыненьняў зь беларускімі афіцыйнымі асобамі пазбавіла б Польшчу магчымасьцяў вырашаць шэраг істотных праблемаў, якія ўвесь час узьнікаюць паміж суседнімі краінамі. Акрамя гэтага, у Варшаве павінны клапаціцца пра польскую меншасьць у Беларусі.

Што да прапановы выключыць Беларусь з праграмы NATO “Партнэрства дзеля міру”, дык гэта, паводле аглядальніка “Rzeczpospolita” дало б Лукашэнку магчымасьць абудзіць у беларусаў антынатаўскія настроі, якія ў беларускім грамадзтве паціху зьнікаюць.

Пётр Касьціньскі, аднак, згодны са сваім калегам Барташам Ялавецкім, што выказваньні некаторых палітыкаў, напрыклад Яна Сычэўскага зь Беластоку, які пазытыўна ставіцца да цяперашняга беларускага ладу, можна назваць прынамсы дзіўнымі. Аднак голас спадара Сычэўскага, як і некаторых іншых прыхільнікаў Лукашэнкі, паводле Пятра Касьціньскага, гэта не голас Польскай дзяржавы.

“Я ня веру, што кантакты зь людзьмі з атачэньня Лукашэнкі дапамогуць хутка зрабіць Беларусь дэмакратычнай і лібэральнай краінай. Але нічога нам ня дасьць і іхнае ізаляваньне. Думка пра тое, што чым горш у Беларусі, тым лепей – памылковая. Увогуле, выпрацаваць адпаведную палітыку ў дачыненьнях і зь беларускай апазыцыяй і з афіцыйным Менскам – гэта вельмі цяжкая задача. Патрэбная і падтрымка дэмакратычных зьменаў, і працоўныя кантакты з афіцыйнымі ўладамі. У справе Беларусі няма простага выйсьця, а сьцьвярджэньне пра тое, што калі рэжым Лукашэнкі адгарадзіць ад Эўропы, дык ён хутка сканае – гэта звычайная наіўнасьць”, – падсумоўвае вядомы аглядальнік Пётра Касьцінскі ў сёньняшнім нумары польскага штодзёньніка “Rzeczpospolitа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG