Сёньня ў другі дзень вясны ў “Яме” ішоў белы сьнег. Да помніку ўніз па высокіх прыступках павольна і асьцярожна спускаліся людзі. Сярод іх — вязьні менскага гета, габрэі, якія перажылі Галакост, і тыя, хто нарадзіліся пасьля другой усясьветнай вайны. Аўтар мэмарыялу “Яма” архітэктар Леанід Левін кажа, што 2 сакавіка — гэта сьвяты дзень.
(Левін: ) “Белы дзень… Сьнег, усё белае. Але ў гэты дзень 62 гады таму зьнішчылі 5 тысяч габрэяў у гэтым месцы, у гэтай “Яме”, таму гэты дзень стаў сьвятым днём, я мяркую, ня толькі для габрэяў, але й для ўсіх жыхароў Менску, таму што мы жылі ўсе ў адным горадзе, у адной хаце, як кажуць. Гэта ня значыць, што толькі 5 тысяч чалавек было зьнішчана. У менскім гета забілі каля 100 тысяч габрэяў. А калі сюды дадаць яшчэ 50 тысяч габрэяў, якіх прывезьлі з Эўропы… А калі сказаць пра ўсіх габрэяў, якія былі зьнішчаныя ў гады вайны ў Беларусі, то гэта 800 тысяч чалавек”.
Гэта быў кіраўнік аб’ядняньня беларускіх габрэйскіх суполак і грамадаў Леанід Левін. Падчас жалобнага мітынгу ў “Яме” да ўсіх прысутных зьвярнуўся амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол:
(Крол: ) “Сёньня ад імя амэрыканскага ўраду, амбасады ЗША ў Беларусі й усяго амэрыканскага народу я схіляю галаву перад гэтым мэмарыялам — сымбалем жудаснай трагедыі менскага гета, у якім падчас другой усясьветнай вайны загінула больш за 100 тысяч мірных жыхароў. Няхай памяць пра кожнага зь іх дапаможа ўсім краінам разам пабудаваць бясьпечны і квітнеючы сьвет. Шалом усім”.
Разам з амбасадарам ЗША Джорджам Кролам ушанаваць памяць забітых у менскім гета габрэяў прыйшлі кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўрапейскага Зьвязу і краінаў-кандыдатаў Эўразьвязу. Амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі адзначыў, што напэўна ўпершыню амбасадары краінаў Эўразьвязаў і краінаў-кандыдатаў у Эўразьвяз разам прыйшлі ў гэтае месца, каб ўшанаваць памяць бязьвінных ахвяраў.
(Шмялеўскі: ) “Каб сказаць вам, габрэям Беларусі, што мы — з вамі. І мы жадаем, каб вы жылі ў вашай краіне гэтак жа добра й спакойна, як нашы габрэйскія сябры ў нашых краінах”.
Сёньня сярод удзельнікаў цырымоніі былі й колішнія вязьні менскага гета. Згадвае Леанід Рубінштэйн:
(Рубінштэйн: ) “2 сакавіка 1942 году я прыйшоў увечары ў гета. Гэта было страшна глядзець. На кожным двары ляжалі трупы... Я гляджу й бачу, што нас усё менш і менш. Час няўмольны, але забывацца пра гэта нельга”.
Сярод выступоўцаў на жалобным мітынгу ў мэмарыяле “Яма” не было ніводнага прадстаўніка афіцыйных уладаў Беларусі.