Экс-дэпутат Вярхоўнага Савету і былы вязень Андрэй Клімаў мае намер браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах як кандыдат на пасаду кіраўніка дзяржавы. Дзеля гэтага ён пакуль прыпыніў сваё сяброўства ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У ягоную каманду ўваходзяць журналісты Яўген Агурцоў і Леанід Міндлін, каардынатар руху “Зубр” Цімафей Дранчук і прадпрымальнік Леанід Малахаў. Андрэй Клімаў адзначыў, што пяць чалавек у камандзе — простае супадзеньне зь яшчэ адным рухам.
(Клімаў: ) “Пакуль тое, што робіць “Пяцёрка з плюсам”, не дае магчымасьці атрымаць хаця б адзін адсотак галасоў”.
Паводле заканадаўства сёлета Андрэй Клімаў ня можа ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў, бо ў яго яшчэ ня скончыўся тэрмін судзімасьці. Спадар Клімаў упэўнены, што ў прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка ўдзельнічаць ня будзе.
(Клімаў: ) “Я лічу, што да 2006 году ён не дацягне ў якасьці прэзыдэнта, бо зарубіўшы палітычныя, эканамічныя і чалавечыя адносіны з Расеяй, у прыватнасьці, з Крамлём і з Пуціным, ён стаў палітычным трупам. Нам ня трэба будзе рабіць выбару, за нас яго зробіць Крэмль. Будзе нейкі часовы ўрад пад кіраўніцтвам чалавека, які больш-менш нармальна можа кантактаваць з Крамлём”.
Андрэй Клімаў паведаміў, што вёў перамовы з расейскімі палітыкамі. На ягоную думку, шанец мае той кандыдат у прэзыдэнты, які мае толькі незаходнюю арыентацыю. Спадар Клімаў пагадзіўся патлумачыць гэта Радыё Свабода. Гаварыць па-беларуску ён адмовіўся:
(Клімаў: ) “Я прарасейскі палітык беларускі, але я перакананы, што Беларусь экспартная краіна. Нам без гандлёвага супрацоўніцтва з Амэрыкай і Эўропай не існаваць. Гандлёвага абароту з Расеяй нам будзе недастаткова, таму я падзяляю тую ўстаноўку, якой трымаецца Ўладзімер Пуцін — Беларусь і Расея павінны ісьці ў Эўразьвяз разам, ня ў якасьці адзінай дзяржавы, а як саюзьнікі. Буду да гэтага імкнуцца”.
Андрэй Клімаў не назваў фінансавых крыніцаў сваёй арганізацыі, спаслаўшыся на тое, што пакуль абапіраецца больш на маральную падтрымку некаторых расейскіх бізнэсоўцаў беларускага паходжаньня.