Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО АГУЛЬНАГА Ў АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ І РАЛАНДАСА ПАКСАСА


Тацяна Поклад, Вільня

У артыкуле аналізуеца стыль кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, які параўноўваецца са стратэгіяй і тактыкай цяперашняга літоўскага кіраўніка дзяржавы – найперш маецца на ўвазе такі стыль кіраваньня, калі прэзыдэнт «усё робіць сам, усё кантралюе і абяцае ва ўсім навесьці парадак», – стыль, які супярэчыць дэмакратычнаму ладу.
Пасьля таго, як парлямэнт Літвы прыняў рашэньне распачаць працэдуру імпічмэнта цяперашняга прэзыдэнта Раландаса Паксаса, прэзыдэнт яшчэ больш актыўна пачаў змагацца за сваю ўладу. Літоўскія аналітыкі пачалі ўсур'ёз разважаць, якія ўрокі можа даць Літве досьвед беларускай дыктатуры. Аўтар сёняшняга артыкула, Сігітас Бабілюс, нагадвае:
«Некалькі гадоў таму у Літве ніяк не маглі зразумець, як кіраўнік суседняй дзяржавы, Беларусі, здолеў утрымліваць уладу. Найбольш зьдзіўляла тое, што, хаця беларускі рэжым – відавочна аўтарытарны, Аляксандра Лукашэнку, як выглядала, падтрымлівала бальшыня грамадзянаў.»
Паводле аўтара, сёньня, калі цяперашні прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас імкнецца кантраляваць ўсе сфэры дзейнасьці, якія лічыць патрэбнымі, – параўнаньне “рэжымаў Паксаса і Лукашэнкі” ня выглядае абсурдным. У Літве прынята было лічыць, што “беларускі фэномэн – апошняя дыктатура ў Эўропе – стварылі “савецкія людзі”, народ, які больш за 70 гадоў зьнішчаўся і прыніжаўся, і таму большасьць там ня здольная крытычна мысьліць і верыць казкам”. Але цяпер і ў Літве, як і ў Беларусі, аўтарытарызму і папулізму найперш супрацьстаіць менавіта моладзь, як адзначае Сігітас Бабілюс. Сярод жа людзей старэйшага веку паўсюль на постсавецкай прасторы знойдуцца людзі, гатовыя паверыць палітыкам, што абяцаюць навесьці парадак.
Аўтар параўноўвае Лукашэнку і Паксаса, – “кіраўніка саўгаса” і “кіраўніка акцыянэрнага таварыства”. Абодва прыйшлі да ўлады з падобнымі лёзунгамі, у якіх слова “парадак” было найважнейшым. Абодва заяўляюць, што супроць іх робяцца змовы, што іх апанэнтаў фінансуюць заходнія дзяржавы. Абодва патрапілі давесьці, што яны – блізкія да звычайных людзей, і самі – людзі простыя. Што з таго, што Лукашэнка цяпер – адзін з самых багатых людзей у сваёй краіне, – яму вераць менавіта бяднейшыя людзі. Гэтак і Раландас Паксас паставіў на падтрымку тых, каму цяжэй прыстасавацца ў новым вальнейшым ладзе. Аўтар нагадвае літоўскім чытачам “пэрлы” з выказваньняў А. Лукашэнкі, якія цытуюцца у літоўскім выданьні на мове арыгіналу – такія, як “Дзеля захаваньня спакою ў краіне я гатовы ахвяраваць уласным розумам”, “Я сваю дзяржаву за цывілізаваным сьветам не павяду” ды іншыя. Жаданьне кіраўнікоў папулісцкага кшталту “выглядаць прасьцейшымі і размаўляць проста” спараджае вось такія “пэрлы”.
У артыкуле прыгадваецца характарыстыка А.Лукашэнкі з аналітычнага выданьня „Atgimimas” у 2001 г.: “Суворы, імпульсыўны, ня любіць кампрамісаў. Імкнецца абіраць мадэль паводзінаў “простага чалавека”. У канфліктных сытуацыях – упарты”. У Літве такія якасьці звычайна асацыююць з ураджэнцамі Жэмайціі, адкуль паходзіць і Раландас Паксас. Абодва лідары маюць і падобныя падыходы да кіраваньня. Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно кіруе сваёй краінаў праз указы і дэкрэты, а Канстытуцыю зьмяніў так, каб яму не пярэчыла. Раландас і яго абкружэньне адразу пасьля перамогі на выбарах абвесьцілі гэткую ж мэту. Лёгіка простая – кіраўнік дзяржавы, як і кіраўнік калгаса ці акцыянэрнага таварыства “у сваім гародзе” можа рабіць што захоча – “вядома, каб народу было лепей.” Таму кіраўнік беларускай дзяржавы займаецца справамі прыватызацыі Менскага кірмашу, а дараднікі літоўскага кіраўніка дзяржавы завод шампанскіх вінаў “Alitа” назвалі “стратэгічным прадпрыемствам”. У Літве такі стыль кіраўніцтва азначае злоўжываньне прэзыдэнцкай пасадай і адкрыты шлях да аўтарытарызму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG