А 11-й гадзіне на плошчы Леніна пачалі зьбірацца прадпрымальнікі. Міліцыя папярэдзіла, каб яны не перашкаджалі чысьціць плошчу — сапраўды, адразу чатыры трактары “Беларус” прыбіралі сьнег. Прадпрымальнікі сышлі на край пляцу, і маўклівы мітынг адбыўся амаль пад вокнамі кабінэту старшыні аблвыканкаму. Меркаваньне аднаго з удзельнікаў акцыі:
(Спадар: ) “Мы мітынгуем з-за свавольства ўладаў. Яны хочуць увесьці для нас ліцэнзіі, падвысіць каэфіцыент. Месцы гандлёвыя таксама дарагія. Не даюць працаваць спакойна, вось супраць гэтага і страйкуем”.
Другі ўдзельнік акцыі таксама не задаволены ўвядзеньнем ліцэнзіяў, пагатоў што кожны гандляр працуе, маючы права на гандаль:
(Другі спадар: ) “Заплацім гэтыя сто эўра, яны потым захочуць яшчэ — пяцьсот эўра, тысячу, гэтым ня скончыцца”.
Шмат хто сёньня гатовы заплаціць за ліцэнзію, абы працаваць далей. Але ўдзельнікі акцыі якраз выказвалі няверу ў тое, што тых, хто набудзе пяцігадовую ліцэнзію на гандаль, пакінуць у спакоі. Яны гаварылі, што заканадаўства, якое датычыць прадпрымальнікаў, увесь час зьмяняецца. На пляцы зьбіралі подпісы пад лістамі да мясцовых уладаў і да прэзыдэнта Лукашэнкі.
Калі маўклівы мітынг скончыўся, зьявіўся Зьміцер Іваноўскі — адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху. Напярэдадні яго затрымалі на рынку “Паўднёвы”, у яго былі ўлёткі з заклікам прыйсьці сёньня на пляц. З самай раніцы З.Іваноўскі быў у міліцыі:
(Іваноўскі: ) “Мяне выклікалі ў РАУС і адвезьлі ў суд Кастрычніцкага раёну, дзе адразу прайшло слуханьне і мне прызначылі штраф. Парушэньне было ў колькасьці несанкцыянавана зробленых улётак, якія былі ў мяне пры затрыманьні”.