(Зьміцер Падбярэскі: ) “Вітаю вас, шаноўныя аматары сучаснай музыкі! У нашай праграме мы ўжо неаднаразова зьвярталіся да тэмы дачыненьняў традыцыяў народнай музыкі і актуальных тэндэнцыяў музыкі папулярнай. Мы гутарылі з многімі вядомымі музыкамі, але мушу прызнацца: сярод гасьцей Беларускай Свабоды дагэтуль не было, я глыбока перакананы, найбольш знакавай і супярэчлівай асобы сучаснай беларускай музыкі, якая шмат у чым вызначала і будзе, спадзяюся, надалей вызначаць многія тэндэнцыі сынтэзу народнай спадчыны і здабыткаў сучаснасьці. Таго, што робіць гэты дасьледчык і музыкант, многія ягоныя сучасьнікі не ўспрымаюць, не разумеюць. Аднак ён з тых, хто вяртаецца да вытокаў дзеля таго, каб было лягчэй зазірнуць у будучыню. Шчыра вітаю ў студыі Свабоды Юрыя Выдронка”.
(Юры Выдронак: ) “Добры вечар таму, хто ў гэтым даму! Дазвольце песьню пець”.
(Падбярэскі: ) “Юра! Цябе гэтак даўно практычна не было чуваць — у простым і пераносным сэнсах, што нехта можа падумаць: ты настолькі паглыбіўся ў новыя экспэрымэнты, што, магчыма, на сцэне мы цябе ўжо і не пабачым. Пераканай мяне ў адваротным!”
(Выдронак: ) “Сапраўды, апошнія тры гады давялося працаваць, на жаль, не ў Беларусі, а за мяжой. У нас такі калектыў, які патрабуе вельмі нятаннага абсталяваньня на сцэне. Я не люблю рабіць дрэнных канцэртаў, халтуры я не раблю. Да гэтага часу не было магчымасьці ў тых арганізатараў беларускіх канцэртаў запрасіць нас і паставіць нам гэтае абсталяваньне. Але апошнім часам нешта зьмянілася, пачаліся прапановы. Мы вырашылі адрадзіць “Таўкачыкі”, плянуем гэты фэст разам з “БМАgroup” на 6 траўня, на Юр’я. Галоўны канцэрт пройдзе ў канцэртнай залі “Менск”.
(Падбярэскі: ) “Справа, як кажуць, пражытая, але я хацеў бы вярнуцца да прыгодаў групы “Юр’я” з “Эўрабачаньнем”. Найперш: чаму ты вырашыў паўдзельнічаць у адборачным туры, калі музыка калектыву, шчыра кажучы, даволі далёкая ад стандартаў гэтага конкурсу?”
(Выдронак: ) “Была такая магчымасьць паказаць на шырокае кола, што сапраўды можна зрабіць на беларускай традыцыі”.
(Падбярэскі: ) “А вось цяпер прызнайся, па-за тактам: сапраўды патрэбныя дакумэнты затрымала пошта, ці ты, пазнаёміўшыся, напрыклад, з умовамі гэтага конкурсу, вырашыў ня зьвязваць сябе дамовамі і застацца чалавекам вольным?”
(Выдронак: ) “Я не чалавек сыстэмы. Любая сыстэма — яна са мной ня вельмі сябруе. Я нават ня ведаў дакладна ўмоваў конкурсу, мне патэлефанаваў юрыст з тэлебачаньня, сказала, што яны хацелі бы заключыць дамову. Часу было дастаткова. Я спытаўся, якая будзе дамова, і мне сказалі, што яны хацелі бы атрымаць сумежныя аўтарскія правы на паўгоду. Потым ужо я ў кантракце прачытаў, што сумежныя аўтарскія правы трэба было перадаваць на тры гады, яшчэ там, яшчэ… Карацей, кантракту я да таго, як атрымаў, не чытаў. Я павінен быў здаць кантракт да 18 студзеня, а 18-га толькі раскрыў капэрту. Я фізычна ня мог яго падпісаць”.
(Падбярэскі: ) “Тым ня менш, у Турцыю ты паедзеш самастойна. Адно што не на фінал “Эўрабачаньня”, а на зусім іншы, пэўна, куды больш прыемны для цябе фэстываль?”
(Выдронак: ) “Мы запрошаныя як госьці ў канцы красавіка, з 21 па 25, у той жа самы Стамбул, і сапраўды для мяне больш прыемна выступіць на тым фэстывалі. Там будзе дакладна 100 удзельнікаў розных кірункаў, пачынаючы ад ды-джэеў і канчаючы этнікай. “Эўрабачаньне” аджыло, на мой погляд, увогуле, яны спрабуюць увесьці нават этнічныя элемэнты апошні час. Але музыка, пабудаваная на вытоках, мае будучыню, а музыка, якая прыдуманая зь нічога ўвогуле, доўга не жыве”.
(Падбярэскі: ) “Прапаную вярнуцца да сёньняшняга дня групы “Юр’я”. Што пакладзена ў аснову стылістыкі, што ты як лідэр імкнесься прадставіць?”
(Выдронак: ) “Музыка павінна была адпавядаць тым формулам, якія закладзеныя ў першааснову. Гэта каляндарныя ў асноўным песьні. Беларускі каляндар — ён вельмі старажытны, некаторыя песьні налічваюць некалькі тысяч гадоў, асноўныя іх элемэнты. І таму зь імі цікава працаваць, але я імкнуўся ніколі не зьмяняць асноўных формулаў. Цяпер мы падышлі да новых экспэрымэнтаў. Я апошні час працаваў над тым, як увогуле пачуць музыку беларускіх арнамэнтаў. Аналягі іх знаходзяць і ў Тыбэце, і ў Старажытным Рыме, шмат дзе ўвогуле. Яны, гэтыя сакральныя арнамэнты, адпавядаюць касьмічным зьявам.
Я распрацаваў такую сыстэму цікавую: я магу прайграць кожны арнамэнт, яго можна пачуць. Гэта як бы маё астатняе навуковае адкрыцьцё. Таму і альбом у нас крышку затрымаўся. Ён выйдзе абавязкова з элемэнтамі “Shocking Blue”, крышачку блюзу, увогуле такі вясёлы альбом, пафарбаваны абрадавай музыкай беларусаў. Але тут я нечакана, з паўгоду таму, адчуў, што сапраўды магу зрабіць новую музыку, якой у сьвеце ўвогуле ня проста ня чулі як традыцыйнай — а ўвогуле касьмічную музыку”.
(Падбярэскі: ) “Беларусь выходзіць у космас, атрымліваецца…”
(Выдронак: ) “Ну так! Нешта накшталт таго. Дагэтуль такога ніхто пакуль не рабіў. Некалькі гадоў шмат працаваў з кампутарам і вылічыў, як будуць гучаць гэтыя арнамэнты. Нават можна вылічыць музыку сузор’яў. Вось на Каляды ў нас водзяць казу. Чаму водзяць казу? Бо некалі яшчэ, у старажытны час, у краінах паміж Гангам і Гімалаямі, людзі ўжо тады сустракалі гэтае сьвята пад сузор’ем Казярога. “Калі чакра” перакладаецца з санскрыту на беларускую мову, гэта — “Кола часу”. Усё як бы зьвязана паміж сабой”.
(Падбярэскі: ) “Яшчэ ў групе “Палац” ты сьмела сумяшчаў, здавалася б, несумяшчальнае, былое і будучыню. Дзе ты сёньня больш, у “Юр’і” — у тым, што было, ці ў тым, што яшчэ ніхто ня ведае?”
(Выдронак: ) “Я найбольш працую над тым, што яшчэ пакуль наогул ніхто ня ведае і ня чуў. Я думаю, што, канечне, гэта будзе такі сюрпрыз вельмі моцны, але мне яшчэ патрэбны час, каб пабудаваць гэтую музыку, бо настолькі гэта нязвыкла! Людзі, якія ўжо нешта чулі, кажуць, што гэта ўвогуле ні на што не падобна…”
(Падбярэскі: ) “Гаворыць старшыня Беларускага саюзу фальклярыстаў Васіль Ліцьвінка”.
(Васіль Ліцьвінка: ) “Цяперашні маладзёвы фольк-рух гэты… Раней я на яго лаяўся, таму што — ну як можна сумясьціць гэтыя мурынскія рытмы з мэлёдыяй народнай, калі беларуская народная песьня шчымліва-лірычная і расьпеўная?! Але Выдронак, у чым яго ўнікальнасьць і талент, ён пабегаў зь мікрафонам за сьпевакамі ў вёсках, ён адчуў сапраўдныя вытокі мэлёдыі. Знаходзім гэтыя мэлёдыі ў вэдыйскай культуры. Тым больш, што беларуская каляндарная песеньнасьць пабудаваная па сонечным календары. Яны наклалі на сучасныя рытмы жыцьця вось гэтую працяжную мэлёдыю. Ён унікальны ў чым хлопец: у яго ёсьць музычны талент дастатковы, каб зразумець унікальную глыбіню фальклёрнай песьні. А тое, што на гэтае “Эўрабачаньне” не паехаў, дык я, напрыклад, рады, што ён туды не паехаў”.
(Падбярэскі: ) “Юра! Давай паспрабуем зрабіць прагноз. Што чакае народную музыку ў будучыні? Гэта я зьвяртаюся да цябе як ужо да навуковага супрацоўніка ўнівэрсытэту”.
(Выдронак: ) “Сытуацыя такая, што мы цяпер усімі сіламі спрабуем захаваць архаічныя матэрыялы, якія былі запісаныя ў экспэдыцыях, захаваць фонды. Пераносім цяпер гэта на дыскі. Фальклёр у натуральным выглядзе ўжо зьнішчаны, хоць яшчэ крышку ёсьць. І будуць тыя людзі шчасьлівыя, калі нешта пачуюць. Але магу сказаць: тое, што я чуў, калі езьдзіў дзесяць гадоў таму ў экспэдыцыі, і тое, што маем цяпер, адчуваецца вялікая розьніца. На мой погляд, фальклёр чакае толькі адно: ён загіне, бо вёска трансфармуецца вельмі моцна, вёска губляе традыцыі. Праблема ў тым, што гэтыя людзі яшчэ чулі гэтыя песьні, яшчэ, магчыма, нават нехта зь іх можа ўспомніць, як сьпявалі там маці ці бабка. Але яны саромеюцца і не разумеюць, мяняюць сапраўды золата, прабачце, на…”
(Падбярэскі: ) “На “Эўрабачаньне”…”
(Выдронак: ) “Ну так!.. На першых “Таўкачыках” я зразумеў, што ёсьць моладзь, якая хацела бы паспрабаваць гэта зрабіць, і многія робяць. Так што маем шанцы. То яшчэ, можа быць, мы будзем мець новы стыль. Гэта ўвогуле можа быць не фальклёр такі, не традыцыйны, але пабудаваны на традыцыях. І ён можа быць вельмі цікавы”.
(Падбярэскі: ) “І дзякуючы гэтаму яго можна будзе зьберагчы…”
(Выдронак: ) “Ну, нейкім чынам так!”
(Падбярэскі: ) “Госьцем чарговага выданьня праграмы “Па-за тактам” быў лідэр групы “Юр’я” Юры Выдронак. У праграме прагучалі фрагмэнты песень “А ў лузе” і “Калі чакра” ў выкананьні групы “Юр’я”.