Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ” ЗНОЎ РАЗГЛЕДЖАНЫ Ў КАМІТЭЦЕ МІЖНАРОДНЫХ СПРАВАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ КАНГРЭСУ ЗША

Аляксандар Лукашук, Прага

Камітэт міжнародных справаў учора ўхваліў гэтую прапанову. Законапраект прадугледжвае дапамогу ў пабудове дэмакратыі ў Беларусі і разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці, падтрымку незалежнага друку і радыё. “Акт” таксама патрабуе ад урадe ЗША расьсьледаваць парушэньні правоў чалавека, зьнікненьні людзей, незаконны гандаль зброяй, асабістыя грашовыя капіталы вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, прадугледжвае канкрэтныя эканамічныя і палітычныя санкцыі супраць беларускага рэжыму.

Законапраект “Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі” ўпершыню зьявіўся ў Кангрэсе ЗША яшчэ у 2001 годзе. Ён перажыў некалькі стадыяў існаваньня, пакуль урэшце не ператварыўся ў частку закону аб міжнародных сувязях, гэтак званы “Параграф 15”. Тады ініцыятары праекту кангрэсмэн Сьміт, сэнатар Бэнджамін Кэмпбэл і іншыя спонсары палічылі, што ў такім выглядзе заканадаўства мае больш шанцаў на хуткае зацьверджаньне. І сапраўды, мінулым летам Палата прадстаўнікоў у поўным складзе прагаласавала за закон. Аднак закон павінен быў ухваліць яшчэ і Сэнат. Там узьніклі спрэчкі, якія тычыліся фінансаваньня асобных разьдзелаў закону (не беларускай часткі), і сэнатары не знайшлі магчымым прыняць закон. Крыстафэр Сьміт, які выдатна ведае сытуацыю ў Беларусі, нядаўна ізноў сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі ў Вашынгтоне, і абмяркоўваў сярод іншых тэмаў восеньскія парлямэнцкія выбары. Крыстафэр Сьміт вырашыў болей не чакаць і актывізаваць працэс.

Як адрозьніваецца цяперашні дакумэнт ад першапачатковых вэрсіяў?

У агульнапалітычным пляне гэта той самы дакумэнт.
Прэамбула цалкам перанесена бязь зьменаў. Ацэнкі і патрабаваньні, асноўная лексіка засталіся ранейшыя. У апошнім варыянце ў параўнаньні зь першым крыху менш канкрэтыкі ў справах фінансаваньня – заканадаўцы вырашылі, што дакладныя сумы будуць вылучацца ў адпаведнасьці з непасрэднымі ацэнкамі і патрэбамі. Усе болевыя моманты беларускай сытуацыі пазначаны поўна і без кампрамісаў.

Важнае пытаньне – пэрспэктывы прыняцьця “Акта аб Дэмакратыі ў Беларусі” ў якасьці дзеючага закону. Учора зроблены неабходны і важны працэдурны крок. Цяпер, пасьля ухвалы ў Камітэце міжнародных справаў, законапраект можа быць вынесены на галасаваньне поўнага складу Палаты прадстаўнікоў. Калі гэта адбудзецца – залежыць, вядома, ад кангрэсмэнаў. З аднаго боку, палітычны працэс у Амэрыцы сёлета вызначаецца прэзыдэнцкімі выбарамі, а з другога – пад час прэзыдэнцкай кампаніі Ўпершыню за шмат гадоў гэтак актыўна дэбатуецца зьнешняя палітыка. “Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі” мае падтрымку абедзьвюх партыяў і набывае усё новых спонсараў у Кангрэсе – нядаўна да іх далучыліся сэнатары Джозэф Лібэрман і Тэд Кокран. Актыўна і настойліва нагадвае пра законапраект беларуская дыяспара і Рада БНР. У Сэнаце таксама чакаюцца зрухі ў гэтай справе ў самы бліжэйшы час. Паводле ацэнкі супрацоўнікаў кангрэсу, у парадак дня сэсіі ўхвалены ўчора законапраект можа быць пастаўлены ўжо ў сакавіку ці красавіку.
XS
SM
MD
LG