Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦЬ ЗЬ СЯРЭДНЯЙ АЗІІ БУДЗЕ КАШТАВАЦЬ БЕЛАРУСІ ЗАНАДТА ДОРАГА


Уладзімер Глод, Менск

Электрычнасьць, гэтаксама як нафта й газ, паўсюдна належаць да стратэгічных рэсурсаў эканомікі. Беларусь у гэтым сэнсе ня выключэньне. Нездарма 27 лютага Аляксандр Лукашэнка падчас уручэньня дзяржаўных узнагародаў супрацоўнікам вытворчага аб’яднаньня “Беларуснафта” казаў: “Кожная дадатковая тона нафты – гэта ўмацаваньне нашай энэргетычнай бясьпекі”.

Што да электрычнасьці, праблемы якой абмяркоўвалі ў Алматы, варта нагадаць, што для Беларусі і гэты энэрганосьбіт застаецца важным. Краіна самастойна вырабляе толькі 65% неабходнай яе колькасьці. Астатнія 35% традыцыйна імпартавалі з Расеі й Літвы.

Кіраўнік міжнароднага навуковага цэнтру Мізэса ў Беларусі Яраслаў Раманчук сьцьвярджае, што перагонка току зь Сярэдняй Азіі будзе каштаваць вельмі дорага:

(Раманчук:) “Перадусім мы залежым ад таго, наколькі эфэктыўна вырабляем уласную электраэнэргію. Беларусь ня мае збалянсаванай энэргетычнай палітыкі, таму і 65 % энэргіі, якая вырабляецца ў Беларусі, даражэйшыя за тую, што мы атрымліваем з Расеі. Таму лягічна было б проста павялічваць долю імпарту й праводзіць рэструктурызацыю генэрацыйных магутнасьцяў у нашай краіне. Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан знаходзяцца вельмі далёка. Трэба будзе “гнаць” ток па дроце, а гэта тысячы кіламэтраў. Праблема беларускага ўраду ў тым, што ён імкнецца працаваць не паводле доўгатэрміновай стратэгіі, а проста закрывае дзіркі, якія адна за адной паўстаюць у нашым энэргетычным балянсе і ў нашых фінансах”.

Зь сярэдзіны студзеня, пасьля таго як расейскі бок прапанаваў падвысіць цану да 2,16 амэрыканскага цэнту за кіляват-гадзіну, Беларусь спыніла імпарт расейскай электрычнасьці. Магчыма, што недастатковую колькасьць часткова можна будзе купляць ўва Ўкраіне. 26 лютага міністар паліва ды энэргетыкі гэтай краіны Сяргей Ярмілаў паведаміў, што “Украіна вырашыла тэхнічныя пытаньні для пачатку экспарту электраэнэргіі ў Беларусь і цяпер чакае адказу з Менску наконт тарыфаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG