Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: ГЛЯДЗЕЦЬ ЯК ВОКА, З ВОКА НЕ ВЫПУСКАЦЬ


Юрась Бушлякоў, Менск

Мінулым тыднем пачаўшы, у пятнічных выпусках “Жывой мовы” мы прыпамінаем беларускія фразэмы, прыказкі й прымаўкі. Перасьцерагаючы ад калькаваньня ўстойлівых словазлучэньняў, айчынныя аўтары ня раз пісалі пра фразэалягізм берагчы як зрэнку вока. Прыкладам, знакаміты мовазнаўца Фёдар Янкоўскі рэгулярна падаваў памянёную фразэму ў пераліку тых, якія ў нас скалькавалі ды ўжываюць, не заўважаючы свайго. Берагчы як зрэнку вока – паўкалька з царкоўнаславянскай фразэмы: на месцы спалучэньня как зеницу ока даслоўнае беларускае як зрэнку вока. Лепей, вядома ж, замест паўкалькі выкарыстаць традыцыйныя нашыя адпаведнікі. Найчасьцейшы зь іх – глядзець як вока. Часам дадаюць у гэтае спалучэньне яшчэ й займеньнік сваё. Ці ж мы не глядзелі цябе як вока сваё? – гэты сказ-пытаньне з прозы Івана Мележа. На месцы дзеяслова глядзець можа выступаць і колькі іншых дзеясловаў: пільнаваць, сьцерагчы, берагчы, шанаваць, песьціць, трымаць (пільнаваць як вока, шанаваць як вока й г.д.). Ёсьць і крыху даўжэйшая фразэма: да названых спалучэньняў дадаюць яшчэ словы у лобе (у ілбе): глядзець як вока ў лобе або берагчы як вока ў ілбе. І, нарэшце, яшчэ адзін беларускі адпаведнік – з вока не выпускаць.

Пры канцы, як звычайна, паўторым: царкоўнаславянска-расійскаму беречь как зеницу ока адпавядаюць беларускія фразэмы глядзець як вока, пільнаваць як вока сваё, шанаваць як вока ў лобе, з вока не выпускаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG