Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗІЙСКАЯ СУПОЛЬНАСЬЦЬ ЭВАНГЕЛЬСКІХ ХРЫСЬЦІЯН-БАПТЫСТАЎ ВЫСТУПІЛА Ў АБАРОНУ ПРАТЭСТАНТАЎ БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Менск

У пасланьні гаворыцца пра недапушчальнасьць становішча, калі закон, які закліканы абараняць інтарэсы вернікаў, насамрэч парушае іхныя канстытуцыйныя правы й свабоды. У прыватнасьці, зазначаецца, што па-за законам засталіся суполкі колькасьцю менш за 20 чалавек, якім забаронена легальна зьбірацца й праводзіць набажэнствы, створаныя перашкоды для дзейнасьці афіцыйна зарэгістраваных структураў, а падзел рэлігіяў на традыцыйную й нетрадыцыйныя ёсьць дыскрымінацыяй грамадзян паводле веравызнаньня. Прадстаўнікі міжнароднай эвангельскай супольнасьці заклікалі найвышэйшыя ўлады Беларусі неадкладна выправіць гэтае становішча, зрабіўшы неабходныя зьмены ў дзейным заканадаўстве. Вось што кажа кіраўнік Эвангельскіх цэркваў Беларусі Мікалай Сынкавец:

(Сынкавец: ) “Закон супярэчыць Канстытуцыі – асноўнаму закону. Тут ня трэба быць нават юрыстам, каб зрабіць такі аналіз. За гэтым стаяць людзі й нават нейкая царква, якія дапамагаюць ствараць такія законы. На месцах ужо існуюць пэўныя праблемы, і мы гэтым заклапочаныя як хрысьціяне, як кіраўнікі цэркваў, таму й зварот пішам да ўладаў. Пішам, грукаем, чакаем і спадзяемся, што будзем пачутыя”.

Падтрымка міжнароднай хрысьціянскай супольнасьці для эвангельскіх цэркваў Беларусі тым больш значная, што да гэтага часу найвышэйшыя ўладныя структуры пакідалі па-за ўвагай амаль усе звароты й пратэсты вернікаў. Гаворыць юрыст Эвангельскіх цэркваў Сяргей Шаўцоў:

(Шаўцоў: ) “Быў зварот з тае нагоды, што ў падручніку “Чалавек і грамадзтва” як дэструктыўныя сэкты былі названыя баптысты, што газэты пісалі пра эвангельскія цэрквы як пра дэструктыўныя, што дзяцей вернікаў прымушаюць уступаць у БРСМ. Былі таксама іншыя звароты – на іх даваліся нейкія адпіскі. Сьвежы прыклад: на Гарадзеншчыне людзей прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за тое, што яны, колькасьцю сем чалавек, зьбіраліся на кватэры, каб маліцца. Яны абскардзілі рашэньне, але суд гэтае рашэньне пакінуў у сіле. То бок такая практыка прымяненьня гэтага закону”.

Тым ня менш кіраўнікі эвангельскіх цэркваў Беларусі падрыхтавалі два новыя звароты аб праблемах дзеяньня закону “Аб свабодзе сумленьня й рэлігійных арганізацыях”, якія неўзабаве будуць накіраваныя кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта ды ў Канстытуцыйны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG