Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧАРНОБЫЛЬСКІХ РАЁНАХ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ДЗЕЦІ МІГРАНТАЎ НЯ МОГУЦЬ ВЫЕХАЦЬ НА АЗДАРАЎЛЕНЬНЕ


Казімір Яноўскі, Веткаўскі раён

Двое сутак таму амаль сотня навучэнцаў Няглюбскай сярэдняй школы Веткаўскага раёну ад`ехалі са сваёй роднай вёскі на аздараўленьне на Віцебшчыну. Але ня ўсё. Распавядае намесьніца дырэктара школы Зінаіда Якубец:

(Якубец: ) “Яны паехалі на аздараўленьне ў санаторый “Жамчужына”. Гэта ў Лепельскім раёне на Віцебшчыне. Аднак у санаторый накіраваны ня ўсе дзеці. Чые бацькі не прапісаныя і ня маюць дазволу на жыхарства – а ёсьць такія сем’і, што і цягам пяці гадоў жывуць без прапіскі, акурат іхныя дзеці засталіся ў школе. Мы іх тут навучаем. Дваццаць тры дзіцяці”.

Старшыня сельскага Савету Рыгор Кулага распавёў, што ў мясцовым саўгасе “Дружба” працуе прыкладна 80% перасяленцаў з Расеі, Казахстану, Украіны, Малдовы, Таджыкістану. Аднак ня ўсе яны маюць легальны статус.

(Кулага: ) “Ёсьць многа такіх, якія прыехалі нядаўна. Яны проста не пасьпелі. Паперы яшчэ ходзяць па кабінэтах, і трэба, каб людзі паехалі і займаліся гэтымі паперамі. А ёсьць і такія, што жывуць тут ужо некалькі гадоў. Іх трэба вадзіць за руку. Самі яны ня хочуць, ня даходзіць да іх”.

Паводле ягоных слоў, саўгас найперш зацікаўлены ў рабочай сіле, а не ў легалізацыі мігрантаў.

У Галіны Пермалатавай, якая 4 гады таму перасялілася з Казахстану, усе трое школьнікаў не паехалі на аздараўленьне:

(Пермалатава: ) “Усе трое дзяцей не паехалі. Звычайна не хапае сродкаў, каб аформіць прапіску, дазвол на жыхарства. На адну зарплату мне трэба пракарміць дзяцей і адзець. Усё ўпіраецца ў фінансы”.

Паводле зьвестак рэгіянальнай міграцыйнай службы, з 1996 году ў рэгіёне праз працаўладкаваньне легалізаваліся каля 3 тысячаў перасяленцаў з краінаў СНД, у асноўным у так званых чарнобыльскіх раёнах. Але далёка ня ўсе мігранты, што пасяліліся тут, атрымалі дазвол на жыхарства. З гэтай прычыны іхныя дзеці і патрапілі ў шэраг “невыязных” на аздараўленьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG