Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТ ЗША АПУБЛІКАВАЎ ГАДАВУЮ СПРАВАЗДАЧУ АБ СЫТУАЦЫІ Ў ГАЛІНЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў СЬВЕЦЕ

РСЭ/РС

Сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі вельмі дрэнная і ў некаторых галінах пагоршылася. Урад надалей дапускае шэраг парушэньняў, хаця з другога боку, у некаторых ёсьць станоўчыя зрухі. Улады пасьлядоўна адмаўляюць грамадзянам у праве зьмяніць урад. Яны не робяць ніякіх сур’ёзных крокаў, каб вытлумачыць ранейшае зьнікненьне вядомых апазыцыйных дзеячаў і адхіляюць верагодныя зьвесткі пра датычнасьць ураду да гэтых зьнікненьняў. Працягваюцца злоўжываньні міліцыі, спарадычныя катаваньні вязьняў і неабгрунтаваныя затрыманьні. Ёсьць сыгналы пра так званую “дзедаўшчыну” ў арміі. Праблемай застаецца перанасяленьне турмаў. Высокай застаецца колькасьць палітычна матываваных, хаця і непрацяглых, затрыманьняў грамадзян сіламі бясьпекі. Сілы бясьпекі парушалі права на прыватнае жыцьцё і свабоду згуртаваньняў, уважліва кантралявалі дзейнасьць апазыцыйных палітыкаў, праваабарончых арганізацыяў і іншых слаёў грамадзтва.

Улады Беларусі далей абмяжоўвалі свабоду слова і друку і не прызнавалі права на аб’яднаньні і сходы. Урад увёў некалькі новых дэкрэтаў, якія абмяжоўвалі гэтыя свабоды. Узмацніліся атакі на незалежныя СМІ, што ў выніку прывяло да закрыцьця некалькіх газэтаў і зьняволеньне журналістаў а абвінавачаньні ў паклёпе. Урад рэзка абмежаваў дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў і закрыў многія зь іх. Абмяжоўваліся і рэлігійныя свабоды: прывілеямі за кошт нетрадыцыйных канфэсіяў карысталася Беларуская Праваслаўная Царква. Урад абмежаваў свабоду палітычнай дзейнасьці. Апазыцыйныя палітычныя партыі і рухі сталіся ахвярай юрыдычных і пазазаконных юрыдычных крокаў, улучна зь фізычнымі атакамі на палітычных апанэнтаў. Супрацоўнікі службы бясьпекі пільна сачылі за дзейнасьцю праваабарончых арганізацыяў і перашкаджалі ў іхнай дзейнасьці. Праблемай ў Беларусі застаецца няроўны грамадзкі статус і дыскрымінацыя жанчын. Улады адмаўлялі прафсаюзам у праве свабоднага гуртаваньня, арганізацыі і калектыўнага адстойваньня сваіх правоў. Сытуацыя ў сфэры гандлю жанчынамі і дзецьмі таксама застаецца дрэннай, хаця ўрад зрабіў некаторыя крокі ў гэтай галіне.

У разьдзеле, датычным паасобных правоў чалавека, разглядаюцца, у прыватнасьці:
- адвольнае і незаконнае пазбаўленьне жыцьця,
- зьнікненьні,
- катаваньні, жорсткае, нечалавечнае і прыніжальнае абыходжаньне або пакараньне,
- адвольныя арышты, затрыманьні і выгнаньне.

Што тычыцца зьнікненьняў, дык незважаючы на прысуды, вынесеныя чатыром супрацоўнікам спэцсілаў, называных “эскадронамі сьмерці”, надалей застаецца нявыясьненым лёс зьніклых. Гэта, у прыватнасьці: зьніклы і праўдападобна забіты апэратар Зьміцер Завадзкі, былы міністар ўнутраных спраў Юры Захаранка, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Ёсьць вартыя даверу зьвесткі пра ўдзел у гэтых зьнікненьнях урадавых чыноўнікаў. Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што сам загадаў сілам бясьпекі выкрасьці і вярнуць на Радзіму былога беларускага амбасадара. Камісія ААН у справах правоў Чалавека ўхваліла 14 красавіка рэзалюцыю распачаць сьледзтва ў справе зьнікненьняў і датычнасьці да іх урадавых чыноўнікаў. Таксама Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы накіравала спэцыяльнага пасланьніка дзеля расьсьледаваньня зьнікненьняў ў Беларусі, аднак беларускія ўрады не зрабілі ў гэтым кірунку істотных крокаў.

У разьдзеле, датычным нечалавечнага абыходжаньня і пакараньня, у справаздачы адзначаецца, што абедзьве Канстытуцыі – 1994 і 1996 гадоў – забараняюць такія практыкі. Аднак міліцыя і турэмныя ахоўнікі пастаянна зьбіваюць затрыманых і вязьняў. Праваабаронцы шмат разоў паведамлялі, што сьледчыя дабіваліся паказаньняў шляхам зьбіваньня і псыхалягічнага ціску. Міліцыя і супрацоўнікі органаў у цывільным неаднойчы зьбівалі людзей у часе арышту і пратрымлівалі іх пад вартай. У справаздачы згадваюцца, у прыватнасьці, прозьвішчы Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінкевіча, Алега Гнедчыка , Пятра Саўчука, Антона Кішкурны, Яўгена Бабосава, Алега Волчака, Аляксея Караля, Тацяны Жылевіч і Віктара Палевікова. Адстаўны генэрал Мечыслаў Грыб лічыць, што цягам некалькіх гадоў беларуская “міліцыя карыстаецца сваёй усёдазволенасьцю і беспакаранасьцю”.

Ва ўзброеных сілах Беларусі працягваецца “дзедаўшчына”, зьбіваньне і розныя формы зьдзеку над навабранцамі. У 2002 годзе ўзбуджана 15 крымінальных спраў супраць 160 вайскоўцаў, абвінавачваных ў зьбіваньні і зьневажаньні падначаленых. Улады заяўляюць, што ўзровень злачыннасьці ў арміі зьменшыўся на 35%, але няма зьвестак пра колькасьць выпадкаў “дзедаўшчыны”. Улады не дапускаюць праваабаронцаў і сем’і маладых салдатаў да расьсьледаваньня правапарушэньняў ў арміі.

Дрэнныя таксама ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах. У многіх выпадках турмы перапоўненыя. 21 кастрычніка летась міністар унутраных спраў Навумаў прызнаў, што колькасьць вязьняў у турмах перавышае на 21% дапушчальную норму. У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША адзначаецца, што ў беларускіх турмах не хапае харчаваньня і лекаў, распаўсюджаныя такія хваробы як сухоты, сыфіліс і СНІД.

Другая частка справаздачы прысьвечаная грамадзянскім правам. Яна пачынаецца з разьдзелу пра свабоду слова й прэсы. У справаздачы адзначаецца, што абедзьве канстытуцыі Беларусі – як 1994, так і 1996 году – гарантуюць як свабоду слова, так і свабоду ў атрыманьні й распаўсюджваньні інфармацыі. Аднак, як падкрэсьліваецца ў справаздачы, беларускі ўрад фактычна забараніў рэалізацыю гэтых правоў. Законы й дэкрэты прэзыдэнта забараняюць грамадзянам карыстацца сымболікай, а таксама плякатамі й налепкамі з крытыкай афіцыйных асобаў й дзейнасьці ўраду. Цягам гэтага году ўрад праводзіў палітыку, скіраваную на забарону дзейнасьці свабоднай прэсы. Беларускія афіцыйныя органы праводзілі палітыку манапалізацыі тэлевізійнага вяшчаньня, апазыцыйныя погляды практычна не гучалі. 9 верасьня, адзначаецца ў справаздачы, Аляксандар Лукашэнка заклікаў да выкарыстаньня сродкаў масавай інфармацыі ў якасьці інструмэнта для прапаганды праўрадавай дзяржаўнай ідэялёгіі.

У мінулым годзе не было зарэгістравана інцыдэнтаў са зьбіцьцём журналістаў, аднак практычна няма сьведчаньняў таго, што ўлады зьбіраюцца дасьдедаваць зьбіцьцё Алега Супрунюка, Юрыя Герменчука або Станіслава Пачобута. Гэтыя падзеі здарыліся ў 2002 годзе. Аўтары справаздачы прыцягваюць увагу таксама да справы Аксаны Новікавай, якая была ўмоўна асуджаная, а таксама некалькі разоў аштрафаваная за крытыку Аляксандра Лукашэнкі. У справаздачы ўзгадваюцца таксама прыпыненьне выданьня “Белорусской деловой газеты”, “Предпринимательской газеты”, адмовы ў друку “Мясцовай газэце” Слоніма ды справы іншых выданьняў і электронных сродкаў масавай інфармацыі.

У разьдзеле “Свабода мірных сходаў і шэсьцяў” справаздачы адзначаецца, што абедзьве канстытуцыі Беларусі такія свабоды гарантуюць, аднак на практыцы рэалізацыя гэтых свабод жорстка забароненая. Пасьля шматлікіх несанкцыяваных шэсьцяў паліцыя да іншыя службы бясьпекі зьбівалі й затрымлівалі дэманстрантаў. Так, напрыклад, адзначаюць аўтары справаздачы, 14 лютага паліцыя разагнала мітынг Маладога Фронта, удзел у якім бралі 50 чалавек. 17 лютага пяць сябраў Маладога Фронту, улучна зь ягоным лідэрам Паўлам Севярынцам, былі асуджаныя на розныя тэрміны зьняволеньня – ад 5 да 15 дзён. Дзярждэпартамэнт падрабязна пералічвае выпадкі парушэньня свабоды сходаў і мітынгаў у Беларусі, у тым ліку арышт 12 сакавіка арганізатараў маршу “За лепшае жыцьцё”, арышты арганізатараў і ўдзельнікаў дэманстрацыяў у гонар Дня незалежнасьці, шматлікія арышты актывістаў руху “Зубр” ды іншыя падзеі.
XS
SM
MD
LG