Першы памятны знак – крыж з надпісам “Загіблым нямецкім салдатам” – Анатоль Кавальчук устанавіў у вёсцы Пярэдзелка. Працаваў тады Анатоль у пажарнай частцы. Даведаўся, што на месцы пахаваньня будзе разгортвацца будоўля. Разумеў, што ня добра на касьцях, няхай сабе і чужакоў, ставіць нейкі будынак, а тым больш – школу.
(Кавальчук: ) “Паставіў памятны знак, бяскрыўдны: тут пахаваны нямецкія салдаты. Але мясцовая ўлада ў асобе старшыні сельскага Савету падбухторыла мясцовых удзельнікаў вайны. Яны – бах! – вырвалі яго і ў сівы Дняпро скінулі. Я зьвярнуўся да раённага сходу вэтэранаў. Так і так, дзяды, падстаўце плячо. Яны з разуменьнем аднесьліся. Я крыж зноў паставіў. Слава Богу, стаіць!”
Будучы чалавекам нераўнадушным, спадар Кавальчук у свой час сустракаўся з былым салдатам вэрмахта Куртам Бэкмэргадэнам. Курт прыяжджаў на Лоеўшчыну з сынам загіблага тут нямецкага генэрала Ганса Камэке. На франтавой карце, што прывёз з сабою госьць, было пазначана, што генэрал пахаваны ў вёсцы Астравы, і разам зь ім яшчэ двое загіблых немцаў.
Анатоль Кавальчук распытаў вяскоўцаў і знайшоў усё-такі месца пахаваньня. На магіле ўстанавіў тры крыжы.
Цяпер Анатоль Кавальчук зьбірае сродкі на аднаўленьне помніка загіблым савецкім салдатам і партызанам у сваёй роднай вёсцы Міхалёўка. У вёсцы два помнікі. Адзін больш-менш нармалёвы, а той, што на паўночнай ускраіне, прыйшоў у заняпад. Першым пагадзіўся ахвяраваць грошы на помнік бацька Анатоля, вэтэран вайны Іван Кавальчук. Агулам сабрана ўжо 800 тысячаў рублёў. Помнік Анатоль з дапамогаю вяскоўцаў наважаны аднавіць да 60-х угодкаў вызваленьня Беларусі.
Спадар Кавальчук наагул мяркуе, што настаў час дазволіць і немцам у тым жа Лоеўскім раёне, дзе ў 1943 годзе ішлі вялікія баі, сабраць у ваколіцах парэшткі загіблых суайчыньнікаў і зарганізаваць адмысловыя могілкі.
(Кавальчук: ) “Было б добра закласьці ў Лоеве ці блізу яго нямецкія могілкі. Наступіць час, і свае пахаваньні мы будзем выкопваць і рабіць адны могілкі. Гэтае пытаньне ўсё адно трэба вырашаць. Было б някепска, каб па абодва бакі, насупраць адзін аднаго, ляжалі праціўнікі. А пасярэдзіне – пабудаваць ім добрую каплічку”.