Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАКУТЫ ХРЫСТОВЫ” АД СЁНЬНЯ Ў КІНАПРАКАЦЕ


Кастусь Бандарук, Прага

Фільм на падставе эвангельскага аповеду паказвае апошнія гадзіны зь зямнога жыцьця Хрыста, суд на ім, катаваньні, укрыжаваньне і сьмерць. Галівудзкія студыі катэгарычна адмовіліся фінансаваць фільм, аднак Мэл Гібсан, ультракансэрватыўны каталік, сам выдаткаваў 25 мільёнаў даляраў на рэалізацыю фільму, які быў, паводле ягоных слоў “патрэбай душы”.

(Гібсан: ) “Я хачу, калі людзі зразумелі рэальнасьць аповеду. Я хачу, каб яны ўнутрана гэта перажылі, каб яны гэта адчулі”.

Цягам апошніх тыдняў адбылася сэрыя закрытых паказаў “Пакутаў Хрыстовых” для царкоўных гіерархаў, у тым ліку ў Ватыкане. Тыя, хто глядзеў фільм, былі ашаломленыя небывалым рэалізмам пастаноўкі, шакаваныя жахлівымі сцэнамі бічаваньня і ўкрыжаваньня, садысцкай лютасьцю рымскіх легіянэраў. З прычыны гэтых сцэнаў фільм патрабуе ад гледача моцных нэрваў і будзе дазволены ад 17 гадоў. Мэл Гібсан кажа: “Я хацеў паказаць, што гэта было сапраўднае цела, сапраўдная кроў, пакуты і сьмерць”.

Фільм, які быў надзвычай прыхільна ўспрыняты царкоўнымі гіерархамі, выклікаў пратэсты з боку габрэйскіх арганізацыяў. Яны лічаць, што Гібсан паказаў у вельмі нэгатыўным сьвятле ўвесь габрэйскі народ, і гэта можа ўзмацніць антысэміцкія настроі. Дырэктар Амэрыканска-Габрэйскага Камітэту ў Нью-Ёрку равін Давід Розэн кажа, што пакуты Хрыстовы цягам гісторыі былі падставай для перасьледу габрэяў, якіх абвінавачвалася ў забойстве Хрыста. Некаторыя лічаць, што фільм, які выклікае моцную эмацыйную рэакцыю, ва ўмовах напружанасьці на Блізкім Усходзе можа спрыяць разьдзьмуваньню антысэміцкіх настрояў. Пад ціскам з боку габрэйскіх актывістаў Мэл Гібсан адмовіўся ад сцэны зь першасьвятаром Каіафам і адмовіўся ад сцэны, калі габрэйскі натоўп разьюшана патрабуе сьмерці Хрыста з крыкамі “Кроў ягоная на нас і на нашых дзецях”. Аднак прадстаўнікі хрысьціянскіх канфэсіяў адхіляюць абвінавачаньні ў антысэмітызьме. “Гэтак сапраўды было”, – кажуць яны. “З тэалягічнага пункту погляду, усе людзі адказныя за сьмерць Хрыста, а з гістарычнага пункту погляду, усё адбывалася ў Палестыне, і забілі Хрыста ня ўсе, а толькі некаторыя габрэі, і ня ўсе рымляне, а толькі некаторыя зь іх”.

Мяркуючы па эмоцыях, выкліканых фільмам, які толькі ўваходзіць на экраны, можна з упэўненасьцю прадбачыць посьпех “Пакутаў Хрыстовых”, але таксама далейшую палеміку вакол яго і, магчыма, больш важкія наступствы. У гісторыі кінэматографу найбольшую колькасьць Оскараў атрымаў фільм Ўільяма Ўайлера “Бэн Гур” пра Хрыстовыя часы, але паводле некаторых гледачоў, твор Гібсана – гэта найлепшы фільм на эвангельскую тэму і з рэлігійнага, і з мастацкага пункту погляду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG