Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗЬЯВІЛАСЯ МЭМАРЫЯЛЬНАЯ ШЫЛЬДА Ў ГОНАР ЛЕСІ ЎКРАІНКІ


Галіна Абакунчык, Менск

Грамадзкую ініцыятыву беларускіх украіністаў падтрымалі гарадзкія ўлады. У выніку, мэмарыяльная шыльда з выявай Лесі Ўкраінкі была замацаваная пад расейскамоўнай шыльдай “Аптека” на будынку, што месьціцца на скрыжаваньні вуліцаў Куйбышава і Камуністычнай.

Тэкст пра тое, што “ў гэтым месцы жыла і працавала вядомая пісьменьніца” напісаны па-беларуску і па-ўкраінску. Ва ўкраінскім варыянце – дзьве граматычныя памылкі.

Зрэшты, прадстаўнікі гарадзкой адміністрацыі, а таксама амбасады Ўкраіны, якія бралі ўдзел у адкрыцьці, гэтыя акалічнасьці дыпляматычна не заўважылі. А ў інтэрвію Радыё Свабода амбасадар Украіны ў Беларусі Пётра Шапавал адзначыў наступнае:

(Шапавал: ) “Асацыяцыя прапанавала, і мы гэтую ідэю з задавальненьнем падхапілі. Гарвыканкам узяў на сябе частку адказнасьці. Атрымаўся цудоўны сымбіёз, які меў пэўныя вынікі. Якія – вы чулі, бачылі”.

Гісторыя дачыненьняў Лесі Ўкраінкі зь Беларусьсю зьвязаная зь імем Сяргея Мяржынскага. Гэта быў адукаваны нашчадак старажытнага беларускага шляхецкага роду, які захапляўся палітыкай, а для ўкраінскай паэткі стаўся духоўным паплечнікам і адзіным, найвялікшым каханьнем у ейным жыцьці.

Прамаўляючы падчас сёньняшняй урачыстасьці, прадстаўнік Менгарвыканкаму Міхаіл Пятрушын назваў Сяргея Мяржынскага рэвалюцыянэрам, які змагаўся за ідэі сацыялізму. Аднак дасьледчык жыцьця і творчасьці Лесі Ўкраінкі Вячаслаў Рагойша ў сваім выступе паправіў чыноўніка наступнымі словамі:

(Рагойша: ) “Мяржынскі сёньня ўвасабляе незалежную Беларусь. Гэта пад яго ўплывам яна захапілася й сацыялізмам. Але трэба ведаць, што гэта быў той сацыялізм, які цяпер ёсьць у Швэцыі, Швайцарыі й іншых краінах Эўропы. Вось да якога сацыялізму імкнуўся і Сяргей Мяржынскі, і Леся Ўкраінка”.

Сёньня ж у музэі Янкі Купалы Беларуская асацыяцыя ўкраіністаў, якую ўзначальвае спадар Рагойша, правяла літаратурную імпрэзу ў гонар Сяргея Мяржынскага і Лесі Ўкраінкі, а ў Доме дружбы адбылася прэзэнтацыя кнігі твораў паэткі ў перакладзе на беларускую мову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG