Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШВЭДЗКАГА ЖУРНАЛІСТА І ГРАМАДЗКАГА ДЗЕЯЧА ТОБІЯСА ЛЮНГВАЛЯ НЕ ПУСЬЦІЛІ Ў БЕЛАРУСЬ


Уладзімер Глод, Менск

У панядзелак Тобіяс Люнгваль атрымаў у беларускай амбасадзе ў Стакгольме ўязную беларускую візу, а ў аўторак празь Вену накіраваўся ў Менск. Пра тое, што адбылося ў міжнародным аэрапорце “Менск-2“, швэдзкі журналіст распавёў у эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё:

(Люнгваль: ) “У часе праверкі майго пашпарту ўзьнікла тое, што называюць кампутарнымі праблемамі. Памежнік глядзіць на кампутар, потым глядзіць нейкія паперы, выклікае начальніка зьмены. Паказвае яму на экран і нешта шапоча. Начальнік зьмены ўзяў мой пашпарт, некуды пайшоў. Я даволі доўга чакаў, пакуль ён вернецца. Ён вярнуўся і паведаміў, што мне забаронены ўезд у Беларусь, і што я мушу гэтым жа самалётам вярнуцца ў Вену. Я спытаўся, на якой падставе мне забаранілі езьдзіць у Беларусь. Яны гэтага мне не змаглі растлумачыць альбо не захацелі”.

Супрацоўнік прэсавага цэнтру Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі Ўладзімер Несьцяровіч, у якога я спрабаваў удакладніць прычыну адмовы, адказаў мне, што згодна зь міжнароднай практыкай, краіна, якая забараніла ўезд камусьці на сваю тэрыторыю, можа не тлумачыць матывы такога рашэньня.

Тобіяс Люнгваль – добры знаўца беларускіх справаў. Летась у Швэцыі накладам 3000 асобнікаў выйшла ягоная кніга, прысьвечаная Беларусі. У ёй ёсьць і асабістыя назіраньні (аўтар 18 разоў прыяжджаў у Беларусь), і шматлікія інтэрвію, і разважаньні.

Калі ў Белаазёрску напрыканцы кастрычніка і пачатку лістапада 2003 году праходзілі паўторныя выбары ў мясцовы Савет, спадар Люнгваль, які да таго ж зьяўляецца сябрам міжнароднай рады лібэральнай партыі Швэцыі, прыехаў сюды як назіральнік. Ён быў гатовы адказаць на любыя пытаньні беларускіх судзьдзяў у Белаазёрску, аднак зрабіць гэта яму не дазволілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG