Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПАЧАЎ РАЗГЛЯД ПАЗОВУ “МЭДЫЯ-АЛЬЯНС” СУПРАЦЬ “НАРОДНАЙ ВОЛІ”


Ганна Соусь, Менск

Артыкул “Якому бізнэсу ў Беларусі добра?” быў надрукаваны ў “Народнай волі” адразу пасьля таго, як Сяргей Атрошчанка заявіў пра намер набыць брытанскае выданьне “Daily Telegraph”, пры гэтым назваўшы “выдатнымі” ўмовы для бізнэсу ў Беларусі. На просьбу карэспандэнткі “Народнай волі” Марыны Коктыш гэтае цьверджаньне пракамэнтавалі вядомыя беларускія бізнэсоўцы і эканамісты. Камэнтары Андрэя Клімава, Анатоля Шумчанкі й Леаніда Заікі Сяргей Атрошчанка палічыў непраўдзівымі й абражальнымі. Папярэдне ён выставіў пазоў толькі да газэты “Народная воля“. Сёньня на судзе высьвятлілася, што ў якасьці адказчыка выступае яшчэ і карэспандэнтка выданьня Марына Коктыш.

(Коктыш: ) “Я сапраўды ня ведала, што мяне выклікаюць у суд у якасьці адказчыка, бо я не атрымала ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам копію пазову. Што да сутнасьці працэсу, то я выконвала звычайную журналісцкую працу. Меркаваньне бізнэсоўца Атрошчанкі падалося нам цікавым, і мы вырашылі высьветліць, што думаюць на гэты конт іншыя бізнэсоўцы й эканамісты”.

Да заўтрашняга дня Марына Коктыш павінна азнаёміцца з матэрыяламі справы й знайсьці сябе адваката.

У якасьці сьведкі на судовым працэсе прысутнічае былы палітвязень Андрэй Клімаў. Адметна, што пазоў да “Народнай волі” разглядае судзьдзя Вера Тупік. Менавіта яна ў свой час асудзіла Андрэя Клімава да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Да таго ж, працэс адбываецца ў судовай залі, у якой Клімаў калісьці сядзеў на лаве падсудных.

Вось як пракамэнтаваў чарговы судовы працэс над “Народнай воляй” кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў.

(Пастухоў: ) “Гэта агульная тэндэнцыя наступу на незалежныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі. Гэта можна бачыць на прыкладзе папярэджаньняў, якія выносіць міністэрства інфармацыі “БДГ”, а таксама пазоваў, якія вялікай колькасьцю паступаюць да “Народнай волі.”

За судовым працэсам назіраюць прадстаўнікі офісу АБСЭ ў Менску. Вось што адзначыла для Радыё Свабода прэсавая сакратарка офіса Гайды Сьміт.

(Сьміт: ) “Мы цікавімся ўсімі судовымі працэсамі, што тычацца сродкаў масавай інфармацыі і непасрэдна “Народнай волі”, якія могуць мець дачыненьне да рэпрэсіяў незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Мы разглядаем наведваньне судовых паседжаньняў як частку нашай назіральнай і кансультацыйнай місіі”.

Гэта ўжо ня першы пазоў Сяргея Атрошчанкі да “Народнай волі”. 18 лютага ён ужо выйграў адзін працэс супраць рэдакцыі з нагоды артыкула “Как “Обозреватель” Сергея Атрощенко по-бандитски обошелся с Леонидом Левиным”. Праўда, пры гэтым суд адмовіў яму ў выплаце кампэнсацыі памерам 50 мільёнаў рублёў.

Летась, у сьнежні, Сяргей Атрошчанка зарэгістраваў гандлёвую марку “Народная воля” і запатрабаваў праз генэральную пракуратуру спыніць выхад газэты “Народная воля”. Гэтую справу ў красавіку будзе разглядаць апэляцыйная рада Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай ўласнасьці.

Наступнае судовае паседжаньне ў справе “Народнай волі” адбудзецца заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG