Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САНКТ-ПЕЦЯРБУРГ АДМАЎЛЯЕЦЦА АД БЕЛАРУСКІХ ТАВАРАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Ужо не аднойчы адмыслоўцы “Аблгандальсаюзу” прапаноўвалі Санкт-Пецярбургу вырабы беларускіх прадпрыемстваў: швэйныя – зь менскіх фабрык “Элема”, “Славянка”, мазырскай – “Надэкс”, трыкатажныя – з Гомелю і Віцебску. Прапаноўваўся таксама і абутак беларускіх вытворцаў. Аднак у Санкт-Пецярбурзе да прапановаў ставяцца без зацікаўленьня. Распавядае выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара гомельскага “Аблгандальсаюзу” Тамара Гарахоўская:

(Гарахоўская: ) “Масква яшчэ сяк-так прымае, а Санкт-Пецярбург адрэзаў проста. Маўляў, пра беларусаў мы ведаем, але ж вамі трэба займацца. Патрэбны стаянка для вашых грузавых аўтамашын, пляцоўка – для гандлёвых палатак, гатэль ці інтэрнат – для пражываньня. Займацца вамі няма магчымасьці. І ўсё! Я некалькі разоў спрабавала прабіцца, але бязвынікова”.

Беларускія гандляры вымушаны ў Расеі разгортваць пераважна вулічны гандаль з палатак. Уласнымі гандлёвымі дамамі ў Расеі Беларусь за гады так званага будаўніцтва саюзнай дзяржавы ня абзавялася. Іх адзінкі. Арандаваць расейскія памяшканьні дорага. Гаворыць Тамара Грахоўская.

(Гарахоўская: ) “Арэнда каштуе надзвычай дорага, бо расейцы здаюць нам памяшканьні ня паводле муніцыпальных коштаў, а па камэрцыйных. У іх усюды прыватная уласнасьць. У нас розныя формы уласнасьці. Мы за усё павінны трымаць справаздачу. А там – прыватнікі. Трэба дамаўляцца. Сёньня адзін кошт, заўтра – іншы. Нават дакумэнтаў ня выдаюць. Цэны на арэнду такія, што мы ня вытрымаем”.

Паводле кіраўніцы “Аблгандальсаюзу”, распрапагандаваныя сумесныя беларуска-расейскія гандлёвыя дамы рэальна не працуюць:

(Гарахоўская: ) “ Гандлёвыя дамы – гэта абсалютны міт!”

Беларускі бок толькі ўносіў складкі, а выгады цяпер ня мае, нягледзячы на наяўнасьць у Расеі гандлёвых прадстаўніцтваў і консульстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG