Ніхто зь міністраў расейскага ўраду да апошняга моманту ня ведаў, што Ўладзімер Пуцін адправіць іх у адстаўку. Міхаіл Касьянаў сёньня плянаваў сустрэчу з дэпутатамі парлямэнту каб распавесьці пра эканамічную палітыку ўраду. Гэта значыць, што ён таксама ня быў інфармаваны пра намеры расейскага прэзыдэнта.
Паводле Ўладзімера Пуціна, ягонае рашэньне зьнітаванае з выбарамі прэзыдэнта, што адбудуцца 15 сакавіка. Ён сказаў, што прызначыўшы новы ўрад, ён жадае паказаць, якім будзе кірунак разьвіцьця краіны, калі яго зноў абяруць прэзыдэнтам.
Выконваючым абавязкі кіраўніка ўраду прызначаны першы віцэ-прэм’ер Віктар Хрыстэнка. Аднак амаль усе маскоўскія палітыкі і назіральнікі сыходзяцца на думцы, што новым прэм’ер-міністрам будзе прызначаны ня ён. Прэзыдэнт Пуцін паабяцаў, што прапануе новую кандыдатуру на пасаду прэм’ера цягам тыдня. Сярод найбольш верагодных кандыдатураў называецца імя міністра абароны Сяргея Іванова. На думку экспэртаў, такім чынам Уладзімер Пуцін ужо зараз пачынае рыхтаваць чалавека, які зойме ягонае месца праз чатыры гады. Так, былы віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Аляксандар Шохін выказаў думку, што Касьянава адправілі ў адстаўку, бо ён “ня выглядаў добрай кандыдатурай на месца пераемніка Ўладзімера Пуціна”.
Акрамя таго магчыма, што такім крокам цяперашнія ўлады Расеі спрабуюць прыцягнуць большую ўвагу грамадзтва да выбараў прэзыдэнта. Бо адзінае, што можа перашкодзіць Уладзімеру Пуціну пераабрацца на пасаду прэзыдэнта – гэта нізкая актыўнасьць людзей з-за таго, што вынікі галасаваньня перадвызначаныя. Калі на выбары прыйдзе менш за 50% выбарцаў, вынікі галасаваньня будуць прызнаныя несапраўднымі.
Адзін з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Мікалай Харытонаў так пракамэнтаваў сытуацыю: “Гэта піяраўскі крок, мэта якога – прыцягнуць увагу выбаршчыкаў і забясьпечыць іх высокую яўку”. А былы прэзыдэнт Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў назваў рашэньне Пуціна “моцным крокам у перадвыбарчай кампаніі”.