У аўторак Аляксандар Лукашэнка прыняў беларускага амбасадара ў Расеі Ўлдадзімера Грыгор’ева, якога адклікалі для кансультацыяў яшчэ ў чацьвер, адразу пасьля спыненьня паставак расейскага газу.
У беларускай дыпляматычнай практыцы адкліканьне амбасадараў звычайна заканчвалася тым, што яны ўвогуле не вярталіся на месца службы – гэтак здарылася зь беларускімі амбасадарамі ў Чэхіі, калі тая не пусьціла спадара Лукашэнку на саміт НАТО ў Празе. А таксама ў Ізраілі, калі ён закрыў сваю місію ў Менску. Дагэтуль і ў Празе, і ў Тэль-Авіве беларускія місіі ачольваюць часовыя павераныя.
Аднак спадар Грыгор’еў у Маскву вяртаецца – як паведаміла прэзыдэнцкая прэсавая служба, з шэрагам канкрэтных даручэньняў ад Аляксандра Лукашэнкі. Што гэта за даручэньні, пакуль не паведамляецца. Гаворыцца толькі, што ў цэнтры абмеркаваньня была газавая праблема. Таму амбасадару Грыгор’еву давядзецца мець справу з выканаўцам абавязкаў прэм’ер-міністра Расеі Віктарам Хрыстэнкам, які 20 лютага, знаходзячыся ў Менску ў рангу віцэ-прэм’ера, папярэдзіў пра мажлівасьць новых абмежаваньняў паставак газу ў Беларусь у выпадку непадпісаньня кантракту. Спадар Хрыстэнка крытычна ацаніў дзеяньні афіцыйнага Менску ў гэтым пляне, цытую: “Калі вам піць хочацца, вы ў краму ідзяце ці проста лежачы на ложку крычыце, што вам хочацца піць? Або хаця б да крану з вадой падайдзяцё? Вось такая прыкладна сытуацыя й тут”.
Хаця была заплянаваная сустрэча Віктара Хрыстэнкі ды іншых віцэ-прэм’ераў Беларусі, Украіны й Казахстану з Аляксандрам Лукашэнкам, апошні яе скасаваў. Як казалі ў атачэньні спадара Хрыстэнкі, ён моцна пакрыўдзіўся і назваў гэта недаравальным крокам. Тады ж Віктар Хрыстэнка заявіў: “Праўная база паміж дзьвюмя дзяржавамі ня ёсьць выверанай і дакладнай. Дух рамантызму ранейшых часоў мусіць быць заменены духам права”.