Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ЗАМІНАЕ БЕЛАРУСІ БУДАВАЦЬ АДНОСІНЫ З РАСЕЯЙ НА ЎЗОР ІНШЫХ КРАІНАЎ РЭГІЁНУ?


Галіна Абакунчык, Менск

Выпадковыя мінакі, зь якімі я размаўляла сёньня на вуліцах Менску, на пастаўленае пытаньне найчасьцей адказвалі наступным чынам.

(Карэспандэнтка: ) “Што замінае Беларусі будаваць адносіны з Расеяй на ўзор зь іншымі краінамі рэгіёну?”

(Спадар: ) “Вялікая палітыка, як з боку Беларусі, так і з боку Расеі. Не адна тут газавая праблема, ёсьць яшчэ шмат іншых”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што канфлікты на самым высокім узроўні – усе імкнуцца да ўлады. Кожны змагаецца за свой партфэль. Так што на найвышэйшым узроўні павінныя разабрацца ў гэтых пытаньнях. А ўвогуле трэба пераходзіць на рынкавыя стасункі – іншага выйсьця няма”.

(Спадар: ) “Я бы Пуціна зусім прыбраў і не галасаваў бы за яго, а паставіў бы Лукашэнку, той бы навёў бы парадак”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ўсё залежыць ад Лукашэнкі й ад ягонай першапачатковай палітыкі. Каб яна была правільная, то ніякіх праблемаў зь ніякім газам і не было б”.

Аднак ня ўсе мае сёньняшнія суразмоўцы здолелі адказаць на пытаньне, спасылаючыся на сваю недасьведчанасьць, альбо заклапочанасьць асабістымі праблемамі.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму Беларусь не будуе з Расеяй такія адносіны, як гэта робяць іншыя краіны рэгіёну?”

(Спадарыня:) “Я нават ня ведаю што сказаць: вінаваты й той, і іншы бок. Тут гонарам і амбіцыямі нічога ўжо ня зьменіш”.

(Спадар: ) “Я просты чалавек і ня ведаю, як на больш высокім узроўні ўсё гэта вырашаецца. Каб паміж простымі людзьмі, то селі бы за стол, узялі бы па кілішку й гаварылі бы. Відаць, яны ня могуць так, як простыя людзі”.

(Спадар: ) “Тут некалі пра газ думаю, думаю як зарабіць грошай, а іх усё менш і менш становіцца. Як Лукашэнка сказаў: былі ў нас праблемы з мазутам – перажылі – і гэтыя перажывем”.

(Спадар:) “Што замінае Беларусі? Ня ведаю, Беларусь хоча будаваць свае адносіны з Расеяй, як з братэрскай краінай, хаця тут, пэўна, больш палітыкі. Але ж прыярытэт тут можа быць толькі адзін – каб было выгадна й добра беларускаму народу”.

Гэта былі адказы мінакоў на вуліцах Менску на пытаньне: “Што замінае Беларусі будаваць свае дачыненьні з Расеяй на ўзор іншых краінаў рэгіёну?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG