Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: ПАМПАВАЦЬ, ВЫПАМПОЎВАЦЬ, ПЕРАПАМПОЎВАЦЬ ГАЗ


Юрась Бушлякоў, Менск

Магістральная на мінулым тыдні газавая тэма прывяла да частага ўжываньня ў мове беларускіх мэдыяў слова качаць і вытворных ад яго дзеясловаў і назоўнікаў. Качаць газ, падкачаць газу, перакачка газу – ці прымальныя такія словазлучэньні ў літаратурным маўленьні? Відавочна, непрымальныя, бо супярэчаць нормам мовы. Дзеяслоў качаць і ўтвораныя ад яго словы ўжытыя ў прыведзеных прыкладах ня ў тых значэньнях, якія замацаваліся ў нашай літаратурнай мове. Качаць, кажучы па-беларуску, можна штось круглае, што круціцца ў розных кірунках, скажам, абруч або яблык, качаюць таксама цеста, разьмякчаючы, надаючы яму круглявую форму, яшчэ качаюць качалкаю бялізну, качаюць, напрыклад, рыбу ў муцэ, а чалавека ў сьнезе. А вось газ ці ваду не качаюць. Гаворачы пра падачу, транспартаваньне газу, трэба ўжываць словы, утвораныя ад даўняга пазычаньня – назоўніка францускага паходжаньня помпа. Газ пампуюць, перапампоўваюць па газаправодзе, могуць напампаваць у трубы або выпампаваць, адпампаваць з трубы. Ад усіх памянёных дзеясловаў маем назоўнікі на -ньне: пампаваньне, напампоўваньне, перапампоўваньне й г. д.

Як бачым, няма ніякай патрэбы дадаваць нашым словам значэньні з другой мовы – ёсьць у нас цэлае гняздо традыцыйных словаў, якімі тыя значэньні перадаюцца. Таму не парушайма нормаў літаратурнае мовы й памятайма: газ у нас не качаюць – яго пампуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG