Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА НЕСАНКЦЫЯНАВАНАЕ ПІКЕТАВАНЬНЕ Ў ВІЦЕБСКУ ЗАТРЫМАЛІ СЯБРАЎ КХП БНФ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Спадароў Плешчанку ды Салаўяна, віцебскіх сябраў КХП БНФ, затрымалі за зьмест плякатаў, зь якімі яны выйшлі да “Сіняга дому”. Спадар Плешчанка трымаў у руках абвестку “Збор подпісаў супраць саюзнае дамовы, незаконна падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам”, а Аляксандар Салаўян меў плякат “Схадзіў на выбары – падтрымаў існуючы рэжым”.

Прачытаўшы гэтыя словы, патрульныя міліцыянты спачатку перапісалі іх на паперку ды на колькі хвілінаў ад’ехалі. Вярнуўшыся, як лічыць спадар Плешчанка, пасьля кансультацыі з начальствам, яны загадалі абодвум апазыцыянэрам ехаць зь імі ў пастарунак. Спадара Хамайду, які стаяў побач ды распаўсюджваў “БДГ”, міліцыянты хацелі былі забраць таксама, аднак нехта зь іх запярэчыў: маўляў, колькі разоў яго ўжо затрымлівалі, а потым даводзілася выпускаць нават не складаючы пратаколу, бо распаўсюд газэтаў ня ёсьць адміністрацыйным правапарушэньнем.

Такім чынам, Барыс Хамайда, пра якога міліцыянты сказалі, што ён пакуль ”часова бясьпечны”, застаўся каля “Сіняга дому” далей распаўсюджваць газэту. Уладзімера Плешчанку ды Аляксандра Салаўяна тым часам завезьлі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі ды склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне.

На рахунку спадароў Плешчанкі ды Салаўяна ўжо некалькі соцень падобных затрыманьняў. Толькі ў гэтым месяцы іх падобным чынам затрымлівалі ўжо двойчы. Мінулым разам, 5-га лютага, Уладзімера Плешчанку проста з пастарунку завезьлі ў суд, дзе за несанкцыянаванае пікетаваньне, паводле выраку судзьдзі спадарыні Варатынскай, ён быў аштрафаваны на 2 мільёны 800 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG