Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.
22 лютага 1862 году пакінуў гэты сьвет клясык беларускага жывапісу Вінцэнт Дмахоўскі. Родам ён з Нагародавічаў цяперашняга Дзятлаўскага раёну. Вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, браў удзел у антырасейскім паўстаньні 1831 году, жыў нейкі час на эміграцыі. Назвы ягоных жывапісных палотнаў гавораць самі за сябе: “Радзіма”, “Возера Сьвіцязь”, “Вуліца ў Вільні”, “Руіны замку ў Гальшанах”, “Дом Міцкевіча ў Наваградку”.
22 лютага 1966 году ў газэце “Советская Белоруссия” зьявіўся артыкул гісторыкаў Люкевіча і Трашчонка, зь якога пачаліся нападкі на беларускіх пісьменьнікаў і навукоўцаў за “ідэалізацыю мінулага”. У прыватнасьці, дасталося Ўладзімеру Караткевічу. Здавалася, недальнабачнасьць тых закідаў даўно ўсім зразумелая і асуджаная грамадзтвам. Ажно сёньня, амаль праз сорак гадоў, тыя колішнія пастуляты ўзятыя за аснову новай дзяржаўнай ідэалёгіі краіны, а навуковец Трашчонак, які колісь быў выкладчыкам Аляксандра Лукашэнкі, стаў аўтарам новага дзяржаўнага падручніка гісторыі.
22 лютага 1997 году ў Менску адбыўся апазыцыйны “Марш пустых каструляў”. 300 жанчынаў, трымаючы міскі, рандэлкі і лыжкі, прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да парку Горкага зь лёзунгамі “Грошы, што ідуць на АМОН, — дзецям на лекі”, “Мужыкі, падыміцеся з калень. Мы любім герояў, а не халуёў”.
Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 22 лютага, згадаем сёньня першага прэзыдэнта ЗША Джорджа Вашынгтана, нямецкага філёзафа Артура Шапэнгаўэра і беларускага мовазнаўцу Міколу Байкова.
Цяпер – пра сёньняшні каляндар.
23 лютага ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся Прохар, а назаўтра – Улас. Таму нашыя продкі казалі: “Прыйшоў Прохар ды Ўлас – хутка вясна ў нас”.
23 лютага ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень абаронцаў айчыны. Гэта яшчэ савецкае сьвята, зьвязанае з дэкрэтам, які падпісаў Ленін. Цікава, што ў такі самы дзень у 1944 годзе кіраўнік нямецкай акупацыі ў Беларусі Курт фон Готбэрг даў згоду на фармаваньне Беларускай Краёвай Абароны. Асноўным прызначэньнем БКА была антыпартызанская барацьба, а затым, на фронце, супрацьдзеяньне Чырвонай Армii.