Дзевяць актывістаў Маладога фронту, а таксама прэзыдэнт Усясьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў Якаў Гутман прыйшлі ў панядзелак увечары да амбасады ЗША. У руках пікетоўцы трымалі плякат з надпісам: “Лукашэнка руйнуе помнікі ахвярам Галакосту. Прэзыдэнт Буш, дапамажыце захаваць гістарычную спадчыну, габрэйскага, беларускага й амэрыканскага народаў!”
Перад пачаткам акцыі арганізатар пікету маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч так патлумачыў яе мэту:
(Дашкевіч: ) “Сёньня мы праводзім акцыю супраць антысэмітызму. Улада праводзіць палітыку антысэмітызму, руйнуе помнікі ахвярам Галакосту, гістарычныя будынкі ў старым горадзе. І прэзыдэнт Усясьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў Якаў Гутман зьвярнуўся да Маладога фронту з прапановай падтрымаць такую акцыю. Мы вырашылі правесьці ў некалькіх гарадах шэраг акцыяў. Людзі прыходзілі да помнікаў ахвярам, ускладалі кветкі. І вось сёньня, каля амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі мы праводзім заключную акцыю. Мы панясем зварот да прэзыдэнта Злучаных Штатаў Джорджа Буша”.
У гэтым звароце, перададзеным у амбасаду ЗША, маладафронтаўцы зьвяртаюць увагу прэзыдэнта Злучаных Штатаў на тое, што прапаганда ксэнафобіі й руйнаваньне габрэйскіх помнікаў сталі ў Беларусі цягам апошніх 10 гадоў звычайнай практыкай. Маладафронтаўцы просяць Джорджа Буша зрабіць усё магчымае, каб беларускія ўлады спынілі акты дзяржаўнага антысэмітызму.
Акцыя працягвалася некалькі хвілінаў, пасьля чаго да яе ўдзельнікаў падыйшлі міліцыянты й заявілі, што ўсе яны затрыманыя за правядзеньне несанкцыянаванага пікету.