У часе сумеснай прэсавай канфэрэнцыі міністраў замежных справаў Польшчы і Беларусі, Сяргей Мартынаў заявіў, што кошт аднаразовых беларускіх візаў для палякаў і польскіх візаў для беларусаў яшчэ сёлета ўлетку можа быць зьніжаны ўдвая, гэта значыць, да ўзроўню пяці эўра. У найбліжэйшым часе будзе створаная адмысловая група з удзелам польскіх і беларускіх адмыслоўцаў, якая зоймецца пытаньнем зьніжэньня коштаў візаў.
Варта адзначыць, што польскі бок прапаноўваў зрабіць візы больш таннымі ўжо даўно. Вось што сказаў радыё “Свабода” міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч летась у сьнежні.
(Цімашэвіч: ) “Калі стала зразумела, што Беларусь адмовілася ад гэтак званага ўкраінскага варыянту – гэта значыць бясплатных візаў для беларусаў узамен на бязьвізавы ўезд у Беларусь для грамадзянаў Польшчы – мы запрапанавалі, каб візы былі як мага таньнейшыя. У выпадку аднаразовых візаў, кошт напэўна можа быць меншы, чым 10 эўра. Але, як падаецца, у беларускага боку няма палітычнай волі гэта зрабіць”.
У часе сумеснай прэсавай канфэрэнцыі міністраў у Беластоку было закранутае і пытаньне расейска-беларускага газавага канфлікту. Уладзімер Цімашэвіч, паўтарыўшы ранейшае выказваньне польскага прэм’ера Лешка Мілера, адзначыў, што перабоі ў пастаўках расейскага газу ў Польшчу падарвалі імідж “Газпрому” як надзейнага партнэра.
Варта адзначыць, што ў часе газавага канфлікту, Варшава, у адрозьненьне ад некаторых іншых зацікаўленых бакоў, ня выказала ніякіх прэтэнзіяў на адрас Менску. Гэта выглядае лягічна, бо, паводле расесйка-польскага міждзяржаўнага пагадненьня, дастаўцам газу ў Польшчу ёсьць “Газпром”, а спрэчкі гэтай фірмы зь Беларусьсю польскага боку не тычацца.
Але ці толькі ў гэтым справа? На думку вядомага польскага адмыслоўца ў справах Усходняй Эўропы, былога віцэ-дырэктара варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Барталамея Сянкевіча, у дадзеным выпадку Варшава ў пэўнай ступені дзейнічала ў “пра-беларускі” спосаб.
(Сянкевіч: ) “Палякі хіба значна лепш, чым іншыя, разумеюць сытуацыю, у якой апынулася Беларусь. З аднаго боку, Варшава адмоўна ставіцца да палітыкі, якую вядзе Лукашэнка, але з другога боку, у спрэчках, якія тычацца ўласнасьці беларускай дзяржавы ці беларускага сувэрэнітэту, незалежна ад таго, хто ў Менску будзе кіраваць, Польшча хутчэй стане на бок гэтага чалавека, а не Масквы”.