Як паведаміла прэзыдэнцкая прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч, у аўторак Аляксандар Лукашэнка прыме беларускага амбасадара ў Расеі Ўладзімера Грыгор’ева, каб правесьці зь ім кансультацыі наконт паставак расейскага газу. Мяркуецца, што ў той жа дзень спадар Грыгор’еў вернецца ў Маскву, дзе будуць адноўленыя перамовы паміж “Газпромам” і “Белтрансгазам” у справе падпісаньня кантракту на гэты год. Што да таго, як ацэньвае спадар Лукашэнка вельмі крытычныя публікацыі й перадачы расейскіх сродкаў масавай інфармацыі ў гэтыя выходныя, дык спадарыня Пяткевіч заявіла:
(Пяткевіч: ) “Яны недастойныя камэнтароў. Наша краіна будзе з энэргарэсурсамі. Гэта галоўнае для кіраўніка дзяржавы”.
На панядзелкавай нарадзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што нельга паддавацца на правакацыі беларускай апазыцыі, якая, паводле яго, хоча пагрэць на канфлікце рукі. Прэзыдэнцкая прэсавая служба падае гэткую цытату зь ягонай прамовы: “Хочуць яны і там нехта ў Маскве “патусавацца” на гэтым полі ды на гэтай тэме, пакрычаць – няхай крычаць. Але як толькі гэта выйдзе за рамкі нашых законаў, мы павінны катэгарычна гэта спыняць”.
Спадар Лукашэнка зазначыў, што перамовы з Расеяй, якія цяпер вядуцца, ні ў якім разе ня трэба палітызоўваць, і дадаў: “Калі камусьці хочацца ў Расейскай Фэдэрацыі, яны няхай палітызуюць. У нас гэтае пытаньне сёньня стаіць на ўзроўні суб’ектаў гаспадараньня”. Варта зазначыць, што менавіта так ацэньвалі газавы канфлікт зь Беларусьсю ўсе афіцыйныя прадстаўнікі Масквы.
Пасьля сваіх рэзкіх заяваў пра тэрарызм з боку Расеі ды пагрозаў скасаваць іншыя дамовы з Масквой Аляксандар Лукашэнка сказаў у панядзелак, што ня трэба шантажаваць нікога так, як гэта апошнім часам рабілі зь Беларусьсю.
“Мы адчулі, чаго гэта вартае. Спакойна трэба весьці перамовы”, – заклікаў спадар Лукашэнка. Ён падкрэсьліў, што калі Расея хоча прадаць свой тавар паводле вышэйшых коштаў, трэба ёй таксама прапанаваць паслугі Беларусі, у якіх Расея зацікаўленая, паводле вышэйшых коштаў. “І тады ня будзе ніякага палітычнага разьдзьмуваньня канфлікту”, – сказаў беларускі кіраўнік.
Напярэдадні, знаходзячыся ў Беластоку на фэсьце “Беларуская песьня-2004”, міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў заявіў, што краіна “была й будзе верным партнэрам у пытаньнях транзыту газу”. Ягоны польскі калега Ўладзімеж Цімашэвіч сказаў, што Беларусь і Польшча мусяць абмеркаваць сытуацыю на ўрадавым узроўні, бо спыненьне паставак газу не было зьвязанае з тэхнічнымі праблемамі.