Вось пералік загалоўкаў дзясяткаў сёньняшніх артыкулаў расейскіх аглядальнікаў:
“Московский комсомолец” – “Расея не пусьціла газы”,
“Трибуна” – “А тытунёк і запальнічка – паасобку”,
“Независимая газета” – “Лукашэнка апрануў адгазьнік на Маскву”,
“Газета” – “Лукашэнка атруціўся расейскім газам”,
“Красная звезда” – “Загазаванасьць” і таму падобнае.
“Коммерсант” у артыкуле “Гэтак пасварыліся Аляксандар Рыгоравіч з Уладзімерам Уладзімеравічам” піша: “Выглядае, што Лукашэнка сьвядома ідзе на канфлікт з Крамлём, каб на гэтай хвалі ўмацаваць свае пазыцыі ўнутры Беларусі. Скарыстаўшыся з крызысу, ён адкрыта абвясьціў беларусам, што ва ўсіх нядолях вінаваты не аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, а Масква зь яе хітрымі плянамі. У тым, што прэзыдэнт Беларусі зьбіраецца да канца гуляць у антыкрамлёўскую карту, сумнявацца не даводзіцца”. А рэзкая рэакцыя Масквы на Лукашэнкавы выказваньні, на думку “Коммерсанта”, азначае, што “стаўленьне Расеі да Аляксандра Лукашэнкі (і дагэтуль не ідэальнае) ня проста сапсавалася ўсур'ёз і надоўга... выглядае, што Масква вырашыла паставіць на спадару Лукашэнку крыж. З усімі адсюль наступствамі.”
Бальшыня аглядальнікаў, распавядаючы пра тое, як у чацьвер разьвіваліся падзеі, пагаджаюцца, што учора завяршыўся толькі першы раўнд “газавай вайны”. “Известия” лічаць, што наступнае разьвіцьцё падзеяў” – “несуцяшальнае для прыхільнікаў далейшай інтэграцыі зь Беларусяй і стварэньня саюзнай дзяржавы”.
Да гэтай думкі схіляюцца і экспэрты, якія адказалі на пытаньне “Независимой газеты”: як дзейнічаць Расеі ў выпадку наступнага абвастрэньня газавага крызысу зь Беларусяй? Сяргей Караганаў заявіў, што трэба пераходзіць на рацыянальную эканамічную палітыку паміж дзьвюма краінамі. “Галоўная праблема – не палітычны рэжым у Беларусі, – лічыць аўтарытэтны палітоляг, – а тое, што гэты рэжым нельга памяняць, не мяняючы яго эканамічнай асновы. Ніякія збліжэньні з Расеяй пры такім стане рэчаў у прынцыпе немагчымыя. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка пойдзе насустрач Маскве, а калі ня пойдзе, дык ён цудоўна разумее, што дні ягоныя палічаныя”. Яшчэ адзін палітоляг Вячаслаў Ігруноў на старонках “Независимой газеты” цьвердзіць: “Калі Лукашэнка не дамовіцца з Расеяй, яму ці трэба будзе пайсьці ў адстаўку, ці ажыцьцявіць дзяржаўны пераварот і застацца пажыцьцёвым прэзыдэнтам”.