Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“GAZETA WYBORCZA”: ЛУКАШЭНКА ЗАШМАТ АБЯЦАЎ РАСЕІ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сёньняшнія польскія газэты крытыкуюць урад Лешка Мілера, які не зрабіў нічога, каб Польшча ў такой ступені не залежала ад паставак расейскага газу. “Расейска-беларускі газавы канфлікт і аргумэнты, якіх у гэтым канфлікце ўжыла Масква, мусяць быць добрым урокам для тых у Польшчы, хто лічыць Расею надзейным партнэрам”, – пішуць польскія газэты.

Варта, аднак, зьвярнуць увагу на шэраг публікацыяў і камэнтароў, прысьвечаных цяперашняму стану гэтак званага зьвязу Беларусі і Расеі. Гэтымі днямі ў Польшчы, што здараецца даволі рэдка, вельмі шмат гаварылася пра беларуска-расейскія дачыненьні.

“З такімі коштамі газу беларуская гаспадарка вытрымае ня болей за паўгоду. Тады пачнецца крызыс і Масква будзе мець добры шанец зьмяніць у Менску прэзыдэнта, бо Лукашэнка занадта шмат абяцаў Расеі, але нічога ўзамен за танны газ ня даў”, – зьмяшчае “Gazeta Wyborcza” меркаваньне аднаго з расейскіх назіральнікаў.

Але каб дакладна зразумець, што думаюць палякі пра будучыню зьвязу Беларусі і Расеі, варта паслухаць урыўкі ўчорашніх паведамленьняў з Масквы карэспандэнтаў двух найбольш папулярных польскіх тэлеканалаў – грамадзкага TVP1 і прыватнага TVN.

(TVP1: ) “Газавы канфлікт паказаў, што зьвяз Беларусі і Расеі практычна не існуе, гэтая арганізацыя жыве толькі на паперы. Нядаўна Масква і Менск не змаглі дамовіцца ў справе ўвядзеньня адзінай валюты. А сёньня Аляксандар Лукашэнка ў беспрэцэдэнтны спосаб абвінаваціў у газавым канфлікце асабіста Ўладзімера Пуціна. Пачалася дыпляматычная вайна”.

(TVN: ) “Зьвяз Беларусі і Расеі – гэта эфэмэрнае стварэньне, да якога тут у Маскве насамрэч ставяцца, як да спадчыны Ельцына. Спадчыны, якая ня мае ніякіх шанцаў на будучыню. Барыс Ельцын схіляўся да таго, каб, як тут кажуць, узяць на ўтрыманьне Беларусь, але Ўладзімера Пуціна больш за славянскую салідарнасьць цікавяць законы свабоднага рынку. Таму цяпер ні пра які зьвяз ня можа йсьці гаворкі. Тым больш, што Пуцін напэўна не забудзецца на словы Аляксандра Лукашэнкі пра эканамічны тэрарызм, газавы шантаж і гэтак далей. Таму, калі зьвяз Расеі і Беларусі калісьці і станецца рэальнасьцю, то напэўна толькі тады, калі Беларусьсю будзе кіраваць іншы прэзыдэнт – не Лукашэнка”.

Варта адзначыць, што пры нагодзе газавага канфлікту ў Польшчы вельмі моцна адчулася інфармацыйная ізаляванасьць Беларусі. Вядучыя тэле– і радыёстанцыі здабывалі інфармацыю пра падзеі ў Беларусі праз сваіх карэспандэнтаў у Маскве, бо ў Менску, у адрозьненьне ад суседніх Братыславы, Прагі ці Вільні, польскія мэдыі карэспандэнтаў ня маюць.
XS
SM
MD
LG