Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЗАВАЯ ВАЙНА З РАСЕЯЙ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Юры Сьвірко, Менск

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі паінфармаваў Аляксандра Лукашэнку пра тое, што ад 8-й гадзіны раніцы нармальны ціск газу ў беларускіх трубаправодах адноўлены, а з кампаніяй “Транс Нафта” падпісаны кантракт на 640 мільёнаў кубамэтраў газу, якіх хопіць да канца лютага. Кошт 1 тысячы кубамэтраў гэтага газу — крыху менш за 47 даляраў.

Ажыцьцяўляецца й нармальны газавы транзыт на Захад. Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду працягнуць перамовы з “Газпромам”, а таксама вывучыць магчымасьці пераводу беларускіх пардпрыемстваў з газу на іншыя віды энэрганосьбітаў. Савет Міністраў плянуе правесьці адпаведныя перамовы зь іншымі суседнімі краінамі — Польшчай і Ўкраінай.

Таксама прэм’ер Сідорскі паведаміў, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі за студзень павялічыўся на 8%, а прамысловая вытворчасьць — ажно на 11% у параўнаньні зь леташнім студзенем.

Хаця спадар Лукашэнка сказаў, што дадатковыя 200 мільёнаў на аплату газу трэба будзе адбіраць ад лекаў, чарнобыльцаў і вэтэранаў, Савет Міністраў даручыў міністру фінансаў Беларусі правесьці перамовы з Расеяй наконт атрыманьня крэдыту для разьлікаў за газ. То бок за расейскі газ Менск плянуе плаціць расейскімі ж грашыма, якія возьмуць на 3–4 гады.

Пакуль перамовы Менску й Масквы на розных узроўнях ідуць, старшыня камітэту расейскай Дзярждумы па энэргетыцы, транспарту й сувязі Валеры Язеў сказаў, што спыненьне паставак газу ў Беларусь можа паўтарыцца, пакуль не разьвязаныя прынцыповыя пытаньні. Спадар Язеў, які займае таксама пасаду прэзыдэнта Расейскага газавага таварыства, выказаўся за неабходнасьць зьмяніць маршрут транзыту расейскага газу ў Эўропу ў зьвязку з апошнім канфліктам зь Беларусьсю. “Мы ня можам быць закладнікамі Беларусі”, — заявіў гэты старшыня адпаведнага думскага камітэту.

Прадстаўнік МЗС Андрэй Савіных, рэагуючы на рэзкую заяву свайго расейскага калегі, нагадаў пра падпісаны ў сьнежні 1994 году Мэмарандум пра гарантыі бясьпекі ў зьвязку з далучэньнем Беларусі да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Паводле гэтага будапэшцкага дакумэнту, Вялікабрытанія, ЗША і Расея ўзялі на сябе абавязкі “ўстрымлівацца ад эканамічнага прымусу, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыцьцяўленьне Рэспублікай Беларусь правоў, уласьцівых яе сувэрэнітэту, і такім чынам забясьпечыць сабе перавагу любога кшталту”.

Спадар Савіных назваў лёгіку заявы МЗС Расеі “перакуленай з хворай галавы на здаровую”.
XS
SM
MD
LG