Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ БЕЛАРУСІ КАШТУЕ ГАЗАВАЯ СПРЭЧКА З РАСЕЯЙ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Газавы канфлікт з Расеяй закрануў і тэму вайсковага супрацоўніцтва з гэтай краінай. У прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка паставіў у залежнасьць ад коштаў на расейскі газ вайсковыя паслугі, якія аказвае Беларусь Расеі. У першую чаргу ён згадаў пра тое, што Беларусь не бярэ з Расеі платы за арэнду сваёй тэрыторыі пад станцыі радыялякацыйнай выведкі ў Вялейцы і Ганцавічах, а таксама забясьпечвае ўсю абарону Расеі на заходнім кірунку. Колькі сапраўды могуць каштаваць такія паслугі і ці роўныя яны стратам, якія Беларусь панясе пасьля падвышэньня коштаў на расейскі газ?

У дадзены момант афіцыйныя крыніцы гэтых лічбаў не паведамляюць. У прыватнасьці, дзейны міністар абароны Леанід Мальцаў на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі адмовіўся іх назывыць. Між тым, былы міністар абароны Павал Казлоўскі згадаў, што колькі часу таму выдаткі Беларусі на абарону Расеі агучыў Аляксандар Лукашэнка.

(Казлоўскі: ) “Было прыкладна год таму ці паўтара, калі ў іх адбыўся нейкі разлад, я згадваю, Аляксандар Лукашэнка назваў гэтую лічбу. Што рэспубліка траціць 700 мільёнаў даляраў у год на супрацьпаветраную абарону, на станцыі на нашай тэрыторыі, увогуле на абарону заходняга кірунку, ахову мяжы і гэтак далей”.

Ці можна давяраць гэтай лічбе? Павал Казлоўскі збольшага зь ёй пагаджаецца. Ён згадвае, што паводле дамоваў, якія рыхтаваліся яшчэ тады, калі ён быў міністрам, на заходнім кірунку Расея і Беларусь плянавалі мець сумесную вайсковую групоўку прыкладна на 300 тысяч вайскоўцаў. Разьлікі паказвалі, што на яе ўтрыманьне штогоду давядзецца траціць да 2 мільярдаў даляраў. Беларусь, якая зараз мае 60-тысячнае войска, сапраўды эканоміць расейцам больш за паўмільярда даляраў вайсковых стратаў. “Калі беларусы адмовяцца прыкрываць захад Расеі, расейцам давядзецца трымаць пад Смаленскам такое ж войска, як беларускае. А гэта вялікія страты”, — перакананы Павал Казлоўскі. Аднак ён заўважае, што ў такім разе і Беларусі прыйдзецца мяняць вайсковую дактрыну ды прыкрываць сваю ўсходнюю мяжу, што ёй задорага.

Нічога ня выйграе Беларусь і ад таго, што запатрабуе разьлічвацца за арэнду вайсковых базаў, перакананы былы міністар абароны.

(Казлоўскі ) “Але яны зрабілі нулявы варыянт, таму што паводле дамовы станцыя будзе даваць для беларускіх войскаў зьвесткі, неабходныя для супрацьпаветранай абароны, а за гэта Расея ня будзе плаціць за арэнду”, — гэта Павал Казлоўскі сказаў пра расейскую станцыю пад Ганцавічамі.

Паводле Паўла Казлоўскага, газавая сварка можа прывесьці да таго, што Беларусь застанецца без сучаснай зброі. “Прыкладам, Расея паабяцала перадаць Беларусі ў арэнду ракеты С-300. Будзем сварыцца, яны ў гэтым адмовяць, а мы застанемся без сучасных сродкаў супрацьпаветранай абароны”, — заўважае Павал Казлоўскі. Ён выступае за вайсковую каапэрацыю, але ня толькі з Расеяй, а таксама з Украінай і іншымі суседзямі Беларусі. “Газавы крызыс прадэманстраваў, што той бясьпекі, пра якую нам казалі, у нас няма. У Беларусі ва ўсім аднабаковая залежнасьць. Гэтак сувэрэнітэт краіны забясьпечыць немагчыма”, — лічыць Павал Казлоўскі.

Як высьветлілася, ніякіх прыбыткаў ня дасьць і перагляд дамоваў з расейскімі транспартнікамі. Міністар транспарту і камунікацыяў Беларусі Міхаіл Баравой пацьвердзіў Радыё Свабода, што расейскія транспартнікі хаця і маюць пэўныя прывілеі падчас праезду па Беларусі, але за праезд па асноўнай трасе транзыту, шашы Берасьце–Менск–Масква плацяць аднолькава зь іншымі перавозчыкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG