Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АДАБ’ЕЦЦА НА БЕЛАРУСКАЙ ЭКАНОМІЦЫ ПАДВЫШЭНЬНЕ КОШТУ НА РАСЕЙСКІ ГАЗ?


Ганна Соусь, Менск

Як адаб’ецца на канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў на ўсясьветных рынках падвышэньне коштаў на расейскі газ? Адказваючы на гэтае пытаньне Радыё Свабода, міністар эканомікі Мікалай Зайчанка зазначыў наступнае:

(Зайчанка: ) “Безумоўна, гэта адбіваецца на канкурэнтаздольнасьці. Зь іншага боку, доля энэргетыкі ў агульных выдатках складае 9,5–10%. Падвышэньне цэнаў на газ, якое мы зрабілі для рэальнага сэктару (гэта 24%) прывядзе да аб’ектыўнага росту ў сярэднім недзе на 2,5%. Зразумела, каб кампэнсаваць гэта, трэба ладзіць іншыя мэрапрыемствы ў справе эканоміі выдаткаў. Паколькі мы сёньня гандлюем на зьнешніх рынках, дзе склаліся цэны попыту й прапановы, і нікому нецікава, які кошт на газ у вас быў учора, і які ён сёньня”.

Міністар Мікалай Зайчанка паведаміў, што яшчэ пры распрацоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2004 год пралічваліся варынты кошту на газ 50 даляраў.

(Зайчанка: ) “З 1 студзеня ў краіне дзейнічаюць цэны для рэальнага сэктару, зыходзячы з цэнаў на газ на ўваходзе, які мы сёньня рэальна аплачваем незалежным пастаўшчыкам, а гэта 46,68 даляра за тысячу кубоў. Было бы лепей мець больш танны газ, адпаведна й электраэнэргія, і цеплавая энэргія былі бы таньнейшыя. Тым ня менш, нават у рамках гэтых парамэтраў, калі цэны не перавысяць 50-даляравага ўзроўня, то гэта не ўплывае на надзейнасьць прагнозаў”.

Мікалай Зайчанка паведаміў, што вядзецца пошук кампаніі, якая правядзе незалежную ацэнку “Белтрансгазу”.

(Зайчанка: ) “Ёсьць балянсавая ацэнка “Белтрансгазу”, яна складае 600 мільёнаў даляраў. Але мы зыходзім з таго, што рынкавая ацэнка, на чым заўсёды настойвае Расейская Фэдэрацыя, вагаецца, паводле нашых ацэнак, ад 3 да 5 мільярдаў даляраў. Мы дамовіліся, што незалежную ацэнку правядзе кампанія, якой давярае й Беларусь, і Расея. Такі сьпіс расейскі бок прадставіў, беларускі бок у сваю чаргу прадставіў расейскаму боку свой пералік. Прыкладна такая ж, як наша, газатранспартная сыстэма ў Славаччыне была ацэненая на 3,5 мільярда даляраў. Ацэнку правяла аўстрыйская кампанія “Райфайзэнінвэст”, — паведаміў міністар эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка.

Што да перагляду беларуска-расейскіх пагадненьняў, пра што заяўляў надоечы Аляксандар Лукашэнка, то Мікалай Зайчанка зазначыў наступнае:

(Зайчанка: ) “У кампэтэнцыі Міністэрства эканомікі знаходзіцца рэалізацыя пагадненьняў аб увядзеньні расейскага рубля, адзінай валюты. Прыкладам, пагадненьне аб роўных умовах у галіне цэнавай палітыкі, якое было падпісанае 12 красавіка 2002 году, сёньня па сутнасьці ў аднабаковым парадку дэнансаванае Расейскай Фэдэрацыяй. Не выконваецца ключавы артыкул гэтага пагадненьня наконт цэнаў пятага поясу на мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG