Колішнія ўдзельнікі прадпрымальніцкае галадоўкі падалі заявы ў суд, каб прыцягнуць да адказнасьці тых віцебскіх чыноўнікаў, якія змушалі іх выконваць незаконныя рашэньні. Яны таксама мяркуюць спагнаць з чыноўнікаў грошы за страчанае ў часе галадоўкі здароўе ды за маральныя страты.
Падставаю для судовых пазоваў стаўся адказ абласное пракуратуры, куды прадпрымальнікі зьвярнуліся па юрыдычную экспэртызу пастановаў мясцовых органаў улады. Праўда, адказу давялося чакаць амаль паўтара месяца, дый увогуле прадпрымальнікі ўжо перасталі спадзявацца, што рашэньні мясцовых уладаў, якія падаваліся ім як неаспрэчная ісьціна, стане аспрэчваць таксама дзяржаўная ўстанова — пракуратура.
Тым ня менш, адказ з пракуратуры прыйшоў, і зь яго вынікае, што ўлады Віцебску яўна пасьпяшаліся перайменаваць крытыя гарадзкія кірмашы ў гандлёвыя цэнтры, бо супярэчнасьці ў вызначэньні статусу гандлёвых аб’ектаў яшчэ ня вырашаныя на агульнадзяржаўным узроўні. Між тым, галадоўнікі й пратэставалі галоўным чынам супраць зьмены статусу гандлёвых аб’ектаў, якая адбілася бы на прадпрымальніках ускладненьнем дакумэнтацыі ды вялікімі грашовымі выдаткамі. І ўсе 13 дзён прадстаўнікі мясцовых уладаў сьцьвярджалі, што іхныя рашэньні слушныя, бо яны зацьверджаныя ў Менску.
На думку старшыні прафсаюзу “Пэрспэктыва” Барыса Элькіна, адказ з пракуратуры прыйшоў недаравальна позна: варта было атрымаць гэты дакумэнт на колькі дзён раней, і патрэба праводзіць акцыю пратэсту зьнікла бы. Спадар Элькін лічыць таксама, што ж калі не прадухіліць галадоўку, дык хаця бы скараціць яе на колькі дзён пракуратура мела ўсе магчымасьці: адказ з пракуратуры дайшоў да адрасата талькі 17 лютага, хаця датаваны быў 11-га.
Галадоўка ж працягвалася да 14 лютага, і, нагадаем, удзел у ёй бралі пераважна жанчыны, прычым немаладога веку — спаміж імі была й спадарыня, якой ужо споўнілася 60 гадоў. Адмыслова да гэтае акцыі людзі не рыхтаваліся, рашэньне было прынятае спантанна, і зразумела, што вынікам спантаннае галадоўкі ў бальшыні ўдзельнікаў сталі праблемы са здароўем. Наўрад ці каго зь іх цяпер цешыць сам факт пройдзенага выпрабаваньня або абстрактныя развагі пра рэалізацыю ўнутраных рэзэрваў арганізму: прадпрымальнікі лічаць сябе падманутымі ды патрабуюць пакараць вінаватых.