Парлямэнцкая камісія па імпічмэнту, апошняе паседжаньне якой скончылася позна ўначы ўчора, прыняла абвінавачаньні прэзыдэнту Літвы паводле шасьці пунктаў. Прэзыдэнт Р.Паксас абвінавачваецца ў грубым парушэньні Канстытуцыі і парушэньні прысягі. Камісія прызнала, што дзеяньні прэзыдэнта пагражаюць нацыянальнай бясьпецы і ахове дзяржаўных таямніцаў, што прэзыдэнт незаконна ўмешваўся ў дзейнасьць суб’ектаў прыватнай гаспадаркі, замінаў належнаму функцыянаваньню дзяржаўных інстытуцыяў і дыскрэдытаваў аўтарытэт ўлады, стварыўшы для сваіх дараднікаў умовы злоўжываць сваімі паўнамоцтвамі.
Высновы камісіі ўтрымліваюць больш за 100 старонак. Падрыхтаваны праект рашэньня пачаць працэс імпічмэнту, які будзе прадстаўлены ў Сойме заўтра. Адвакаты прэзыдэнта заявілі, што камісія ў часе працы парушала законы.
Каля будынку Сойму ўжо пачаўся пікет прыхільнікаў прэзыдэнта. Удзельнікі цьвердзяць, што плянуюцца і “больш масавыя акцыі”, але “беспарадкаў” ня будзе. Літоўскія парлямэнтары папярэдзілі пра магчымыя хваляваньні. Прэзыдэнцкае атачэньне раней заклікала сваіх прыхільнікаў зьбірацца каля Сойму ў той час, калі камісія па імпічмэнту будзе прадстаўляць свае высновы.