А 12-й гадзіне каля прахадной заводу я апытаў добры дзясятак рабочых і спэцыялістаў акцыянэрнага таварыства “Гомельшкло”. Паводле іх меркаваньня, спыненьне паставак расейскага газу будзе мець для прадпрыемства надзвычай цяжкія наступствы:
(Рабочы: ) “Працы ж ня будзе. Тут цэлае жыцьцё ў нас. Лічы, гэта няшчасьце будзе. Паглядзіце, колькі газу бярэ прадпрыемства. Тысячы кубоў на суткі. Вы што, поўнасьцю будзе завод спаралізаваны! Трэба перамовы весьці абавязкова, не чакаць, пакуль завод зачыніцца”.
(Рабочая: ) “Будзе стаяць прадпрыемства. Мы ж працуем у асноўным на газе. У першую чаргу будуць пакутаваць рабочыя. Я супраць таго, каб пакутавалі людзі. Я лічу, што“вярхі” павінны дамаўляцца так, каб не пакутаваў просты народ”.
(Рабочая: ) “Гэта катастрофа!”
(Рабочая: ) “Гэта пагроза спыненьня. Мы ж на газе працуем. У нас аб’ём плавільнай печы 800 тон. Колькі газу трэба, каб яе прагрэць! Я думаю, у нашага ўраду і прэзыдэнта ёсьць нейкія рэзэрвы. У любых праблемах заўсёды пяцьдзясят на пяцьдзясят”.
(Адмысловец: ) “Спыніць шклозавод з поўнай шкломасай — гэта загубіць прадпрыемства. Яго нельга будзе аднавіць. Магіла! Гэта адзін з палітычных крокаў Расеі — аказаць ціск на Беларусь. Зь якой мэтаю, мне пакуль цяжка сказаць”.
(Адмысловец: ) “Ацэньваю гэта як няправільную палітыку. Вінаватыя кіраўнікі, а ня простыя людзі. У нас бесьперапынны працэс, і калі мы яго спынім, гэта сьмерць. Нашаму прадпрыемству сьмерць”.
(Рабочы: ) “Трэба спытаць у кіраўніцтва Беларусі: чаму да гэтага ня заключаная дамова на пастаўку газу? Няма дамовы, няма і дачыненьняў”.
(Рабочая: ) “Цяжка сказаць, гэта палітыка. Трэба было дамаўляцца прэзыдэнтам паміж сабою. Загадзя! Каб да такога не даходзіла”.
(Практыкант: ) “Кепска, канечне, што адключылі газ. Але ж гэта ня проста так робіцца, што вось Пуцін узяў і проста перакрыў”.
(Рабочы: ) “Палітыкі няма. Ёсьць проста фінансавая піраміда. І калі Лукашэнка ня стане прэзыдэнтам, то яго пасадзяць. Гэта я магу сказаць табе проста тут”.
(Рабочы: ) “Сама сыстэма зжыла сябе. Адзін правіць, адзін ільготы раздае. Але ж ён не адзін”.
(Рабочы: ) “Можа, завод спыніцца. Ня будзе прадукцыі, ня будзе зарплаты”.
(Рабочая: ) “Я сама расейка, з Разанскай вобласьці. Трывожна! Я жыву ў прыватным доме. Залежнасьць ёсьць, у нас прыродны газ. Няхай вырашаюць “вярхі”. Магчыма, пяройдзем на іншыя віды паліва”.
(Рабочы: ) “Чуў навіну. Кепска будзе! Ні абеду прыгатаваць, ні цяпла ня будзе. А завод наогул спыніцца. Там жа акцыянэрныя кампаніі хацелі купіць акцыі, а Лукашэнка ня згодны быў. Трэба плаціць, купляць трэба ў разумных межах”.
(Рабочы: ) “Калі рэзэрвы ня хопіць, завод можа спыніцца. Цяпер жа не агульная краіна, а кожны сам сабе. Гэта вырашыць цяпер вельмі складана, кожны “бабкі” лічыць”.
Гэткія меркаваньні працаўнікоў акцыянэрнага таварыства “Гомельшкло”.