Хаця ў сераду дзяржаўныя мас-мэдыі Беларусі нічога не паведамлялі пра поўнае спыненьне паставак газу з Расеі, ад раніцы ў чацьвер тэлебачаньне пачало казаць пра газавы шантаж з боку Масквы ды “акупацыйнае рашэньне”.
“Такога беспрэцэдэнтнага кроку, як адключэньне людзям газу ўзімку пры амаль 20-градусным марозе, яшчэ не было з часоў Вялікай Айчыннай вайны”, – падкрэсьлівала заява Савету Міністраў, які паведаміў, што быў вымушаны ўвесьці ў Беларусі рэжым найжорсткай эканоміі рэсурсаў. Але Саўмін не патлумачыў, якія газаправоды й кім адключаліся ў 40-я гады мінулага стагодзьдзя. Да таго ж прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў, што “праблема з пастаўкамі газу не закране жыхароў Беларусі”.
Ягоны першы намесьнік Уладзімер Сямашка сказаў, што спыненьне паставак газу Менск расцэньвае як парушэньне расейскім бокам у аднабаковым парадку дзейнага пагадненьня пра стварэньне роўных умоваў у галіне цэнавай палітыкі ад 12 красавіка 2002 году. Паводле спадара Сямашкі, Расея мусіла загадзя паведаміць пра выхад з гэтага пагадненьня.
Далей зьявіліся паведамленьні, што Аляксандар Лукашэнка назваў дачыненьні з Расеяй “надоўга атручанымі газам” і адклікаў з Масквы свайго амбасадара Ўладзімера Грыгор’ева ў Менск для кансультацыяў.
Апоўдні на тэлеэкране зьявіўся сам Аляксандар Лукашэнка, які праводзіў надзвычайную нараду з кіраўніцтвам краіны. Сп. Лукашэнка падкрэсьліў, што Расея не паводзіла сябе так з ніводнай з тых дзяржаваў, якія цягам гадоў бралі газ і не плацілі за яго, хаця Беларусь летась і сёлета плаціць “Газпром” 100% за пастаўлены газ. Варта дадаць, што сёлета “Газпром” не паставіў Беларусі ніводнага кубамэтру газу.
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што расцэньвае гэта як бяздумны й безадказны крок у дачыненьні ня толькі да беларускага народу, але й да тых краін, якія атрымліваюць газ транзытам, а таксама да мільённага насельніцтва Калінінградзкай вобласьці самой Расеі. Ён нагадаў, што цяпер вельмі модна змагацца з тэрарызмам, і дадаў:
(Лукашэнка: ) “Я лічу, што гэта акт тэрарызму на самым высокім узроўні, калі ў 20-градусны мароз краіну пазбаўляюць, народ пазбаўляюць – не чужы народ, у жылах якога цячэ ў паловы насельніцтва расейскай кроў, – пазбаўляюць прыроднага газу”.
Гэтымі сваімі дзеяньнямі Расея, паводле сп. Лукашэнкі, сёньня ўначы пайшла на зьнішчэньне дамоўленасьцяў, якія былі дасягнутыя апошнім часам. “Дамовы й пагадненьні – гэта сьвятое, гэта закон. Кіраўніцтва Расеі гэты закон парушыла”, – сказаў Аляксандар Лукашэнка ды абвінаваціў Маскву ў крывадушшы, бо кампанія “Транс Нафта” – гэта на 100% даччынае прадпрыемства “Газпрому”, а “Газпром” праводзіць празь яго ўсю палітыку й кажа, што “гэта незалежныя пастаўшчыкі”.
Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Сёньня сапраўды момант гістарычны – з такім горкім газавым прысмакам”. Зьвяртаючыся да прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, ён сказаў:
(Лукашэнка: ) “Вельмі шкада, але бачыць Бог: ня мы таму віною. І я думаю, Сяргей Сяргеевіч, – няхай нас папракнуць, што мы тут ня выстаялі, паддаліся й гэтак далей, – трэба заключыць дамову на ўмовах Пуціна. Хоча Пуцін, каб мы плацілі гэтыя грошы, – давайце будзем зьбіраць ад лекаў, ад чарнобыльцаў, ад тых, хто ў акопах гніў – яны, бачыце, у нас багатыя. Няўжо мы не зьбяром гэтыя 200 мільёнаў даляраў?”
Сп. Лукашэнка дадаў, што гэтыя грошы знойдуцца, і тады расейцы больш ня будуць маніпуляваць і шантажаваць. Але ён адразу даручыў кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўралу Латыпаву правесьці інвэнтарызацыю дамоваў з Расеяй, каб пакласьці на стол расейскаму кіраўніцтву дакладныя беларускія прэтэнзіі. “Мы ня можам займацца дабрачыннасьцю – усё падлічана”, – сказаў Аляксандар Лукашэнка й дадаў, што пакуль толькі газ для Беларусі ня меў усясьветнай цаны – ужо адмучыліся, як ён выказаўся, і з электраэнэргіяй, і нафтай, якія купляюць паводле ўсясьветных коштаў.
(Лукашэнка: ) “Перажывём, напэўна, мы гэтую праблему й газавую. Але калі нехта думае там, за сьценамі ў Маскве, што беларускі народ схіліць галаву – “рубіце”, – гэтага ня будзе!”
Але сам сп. Лукашэнка прызнаў, што беларуская прадукцыя – бульба, памідоры, трактары ды аўтамабілі – пры ўмовах, што газ будзе ўдвая даражэйшы, – стане на расейскім рынку неканкурэнтаздольнай.
Адказваючы на маё пытаньне, як Міністэрства замежных справаў Беларусі ацэньвае рашэньне “Газпрому” спыніць пастаўкі, прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных назваў яго беспрэцэдэнтным і абвінаваціў Расею ў парушэньні Венскай канвэнцыі 1969 году аб праве міжнародных дамоваў. Ён сказаў, што зрыў транзыту газу ў эўрапейскія краіны цалкам абумоўлены рашэньнем “Газпрому”, які ставарае праўны вакуум.