Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ВЫ АЦЭНЬВАЕЦЕ СПЫНЕНЬНЕ ПАСТАВАК РАСЕЙСКАГА ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ?


Ганна Соусь, Менск

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы ацэньваеце спыненьне паставак расейскага газу ў Беларусь?”

(Спадар: ) “Думаю, што спыненьне паставак газу — гэта кепска для людзей, але гэта факт, які можа ацьверазіць. Павінны беларусы зразумець, што трэба жыць сваім розумам. Халодна будзе, але будзем жыць сваім розумам”.

(Спадар: ) “Спынілі… Кантракты заключым, і зноў будзе паступаць. Толькі такім чынам”.

(Спадар: ) “Вельмі дрэнна. Чаму так пагоршыліся стасункі з Расеяй? Я не разумею. Нібыта ўсё нармальна было. Усё таму, што пагоршыліся беларуска-расейскія дачыненьні”.

(Спадар: ) “Думаю, што гэта ня вельмі добра для Беларусі. Я лічу, што Беларусь павінна мець свае якія-небудзь крыніцы газу”.

(Спадар: ) “Я гэта так разумею. Ён сам туды ўлез, а цяпер кажа, што гэта расейскі імпэрыялізм. Трэба было чытаць Зянона Пазьняка”.

(Спадар: ) “Адмоўна, халодна будзе”.

(Спадарыня: ) “Дрэнна, як можна яшчэ ацаніць? Адзінае, што я не магу зразумець, чаму гэта адбываецца й хто вінаваты. З той інфармацыі, што гучыць па тэлебачаньні й радыё, нічога немагчыма зразумець”.

(Спадар: ) “Вядзецца гульня паміж Лукашэнкам і Пуціным. Я думаю, што на гэтым этапе перамагае ня Пуцін, а Лукашэнка. Цяпер усе гэтыя праблемы з дэфіцытам газу, з павышэньнем кошту на бытавы газ для насельніцтва можна будзе сьпісаць на расейцаў, на расейскага прэзыдэнта, на іхную нават імпэрскую палітыку. Маўляў, давайце нам “Белтрансгаз”, інакш мы проста перакрыем усе краны”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, на ваш погляд, у газавым пытаньні Беларусь павінна саступіць патрабаваньням Расеі ці стаяць на сваім?”

(Спадар: ) “Стаяць на сваім. Ні ў якім разе не аддаваць “Белтрансгаз” Чубайсу, бо пойдзем па сьвеце. Толькі стаяць на сваім”.

(Спадарыня: ) “На маю думку, трэба шукаць нейкіх сваіх шляхоў. Чаму абавязкова падпарадкоўвацца Расеі?”

(Спадар: ) “Не магу я вырашаць за кіраўніцтва нашай дзяржавы. Гэта павінна вырашаць яно. Вельмі кепска, што вось такія сваркі вядуцца. І будзе вельмі кепска, калі застанемся бяз газу — расейскага, ці іншага якога-небудзь. Гэта адаб’ецца на кішэні звычайных людзей”.

(Спадар: ) “Калі будуць нейкія іншыя варыянты, то можна будзе й адмовіцца ад расейскага газу, прыкладам, калі будзе газ з Украіны”.

(Спадар: ) “Трэба ісьці на кампраміс. Інакш нічога не атрымаецца”.

(Спадар: ) “Лічу, што Беларусь павінна саступіць Расеі, таму што мы ад яе моцна залежым. Прэзыдэнт павінен крыху пайсьці на саступкі”.

(Спадар: ) “Не павінны былі ўвогуле туды ўлазіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG