Прыватны сэктар у Менску выглядае нібыта вёска ў горадзе. Можа, і сапраўды патрэбная рэканструкцыя гэтых раёнаў? Летась быў зацьверджаны генэральны плян сталіцы, Менгарвыканкам зацьвердзіў доўгатэрміновую праграму рэканструкцыі індывідуальнай забудовы да 2015 году. А ў мінулым месяцы людзі даведаліся, што ім забаронена прадаваць свае дамы і прапісваць да сябе сваякоў.
Апроч таго, стала вядома, што чыноўнікі абмяркоўвалі магчымыя зьмены жыльлёвага заканадаўства. Людзі зразумелі, што належнай кампэнсацыі яны могуць не атрымаць, бо, каб зрабіць рэканструкцыю больш таннай, будуць даваць кватэры ня кожнай сям’і, а адну, роўную былой плошчы дому. Гэта і стала глебай канфлікту паміж гарадзкімі ўладамі і ўладальнікамі дамоў. Людзі зьбіраюць подпісы, зьвяртаюцца ў камітэт архітэктуры, у пракуратуру, у адміністрацыю прэзыдэнта.
Фактычна за адзін дом трэба даваць чатыры-пяць кватэраў, а не адну на ўсіх, таму людзі лічаць гэта праблемай дзяржавы. Яны спасылаюцца на тое, што дзяржава ў свой час ня вырашала іхных жыльлёвых праблемаў, і яны самі пабудавалі свае дамы на тых участках, якія ім далі. Людзі лічаць, што яны не вінаватыя ў тым, што ў тысячы разоў падвысіліся кошты на зямлю. Яны згадалі, што іх не адзін дзясятак гадоў палохалі зносам дамоў. Калі б у іх былі гарантыі недатыкальнасьці іх нерухомасьці, то яны бы будавалі тады больш прыстойныя дамы, і цяпер такія раёны мелі бы больш сучасны выгляд.
Насельнікі прыватнага сэктару папярэджваюць гарадзкія ўлады аб тым, што інвэстары наўрад ці прыйдуць, бо калі даведаюцца як абышліся з былымі гаспадарамі дамоў, спалохаюцца, што гэтак жа абыдуцца і зь імі. Жыхары пасёлкаў ня супраць рэканструкцыі. Дарэчы, за “Сельгаспасёлкам” уздоўж ракі Цны за апошнія 10 гадоў пабудавалі катэджы. Гэтая безгустоўная забудова глядзіцца значна горш за старую вёску. Толькі, на жаль, гэты ўчастак зямлі па-за плянам рэканструкцыі.