Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ НІДЭРЛЯНДАЎ МОГУЦЬ БЫЦЬ ДЭПАРТАВАНЫЯ 26 ТЫСЯЧАЎ ІМІГРАНТАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Закранае гэты закон і тых, хто жыве ў Галяндыі ўжо шмат гадоў, завялі сем’і, нарадзілі і выхоўваюць там дзяцей. Вось тыповая рэакцыя на рашэньне нідэрляндзкіх уладаў 26-гадовай жанчыны курдзкай нацыянальнасьці, якая прыехала з Турэччыны і жыве тут ужо 6 гадоў:

(Жанчына: ) “У мяне двое дзяцей, яны нарадзіліся ў Галяндыі. Я не хачу вяртацца ў Турэччыну, бо там у мяне шмат праблемаў. Я хачу застацца ў Галяндыі, але Галяндыя кажа, што я павінна пакінуць яе. Для іх гэта лёгка, а для нас гэта цяжка, вельмі цяжка”.

Паводле новага закону, гэтай жанчыне дадуць восем тыдняў, каб яна пакінула краіну добраахвотна. Калі яна гэтага ня зробіць, дык у наступныя восем тыдняў ёю будзе займацца адмысловы цэнтар дэпартацыі, які дапаможа ёй пакінуць краіну. А ўжо пасьля гэтага тэрміну імігранты будуць высылацца з краіны гвалтоўна.

Арганізацыі, што дапамагаюць уцекачам у Галяндыі, шакаваныя новым законам. Гаворыць кіраўнік адной з такіх арганізацыяў Ахмэд Пуры:

(Пуры: ) “Я думаю, што галяндзкая палітыка несправядлівая і бязьлітасная. Людзі становяцца ахвярамі гэтай палітыкі, але яна не карэктуецца. Галяндзкі ўрад вядзе такую палітыку, разумеючы, што людзі патрапяць у турмы пасьля вяртаньня на радзіму, ці нават будуць забітыя”.

У адказ на крытыку галяндзкі ўрад цьвердзіць, што ўсе звароты па палітычны прытулак дасканала вывучаюцца, і дзьвюм тысячам тромстам прэтэндэнтам, чые выпадкі ацэненыя як сур’ёзныя, будзе дадзены прытулак. Тым часам, шукальнікі прытулку пратэстуюць. Адзін іранскі ўцякач нават зашыў сабе рот і вочы на знак пратэсту.

Закон тычыцца тых, хто прыбыў у Галяндыю да 1 красавіка 2001 году. Тады найбольшая колькасьць уцекачоў прыбывала зь Югаславіі, Іраку і Афганістану. Але сярод тых, каго закранае новы закон, ёсьць і імігранты зь Ірану і Чачэніі.

Дык што ж здарылася з галяндзкай традыцыяй ультралібэралізму? Аналітыкі цьвердзяць, што ўрад не зачыняе дзьверы перад чужынцамі, а проста хоча наладзіць кантроль за сытуацыяй. Прыкладам, партовы горад Ротэрдам на 45 працэнтаў населены імігрантамі. Аналітыкі таксама зьвязваюць палітыку рэпатрыацыі з падзеямі 2002 году, калі быў забіты актыўны удзельнік антыіміграцыйнай кампаніі Пім Фортуін. Нечаканы рост папулярнасьці Фортуіна тлумачаць менавіта тым, што ён парушыў палітычнае табу на размовы пра напружанасьць ў галяндзкім грамадзтве, выкліканую іміграцыяй. Іншыя аналітыкі падкрэсьліваюць, што новы закон, наадварот, пагоршыць сытуацыю. Ценявы сьвет, населены ўцекачамі, натуральна ж адрэагуе на гэты закон.

Такая іміграцыйная палітыка Нідэрляндаў адпавядае тэндэнцыям у аб’яднанай Эўропе. Шэраг заходнеэўрапейскіх дзяржаваў, улучна з такімі апірышчамі лібэралізму, як Швэцыя ці Нарвэгія, усталявалі часовыя бар’еры на шляху свабоднага руху працоўнай сілы з 10 краінаў, якія далучаюцца да Эўразьвязу ў траўні. А калі ўлічыць блізкасьць пазыцыяў старых і новых эўрапейскіх дзяржаваў, пэрспэктыва для ўцекачоў з далёкіх краінаў выглядае вельмі цьмянай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG