Звычайна затрыманых пракуратура накіроўвае пад варту ў сьледчы ізалятар. Першыя некалькі дзён Ягора Рыбакова ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Людзі, якія пабывалі за кратамі так званай “валадаркі”, згадвалі гэтую ўстанову не найлепшым чынам. Пасьля разгону “Маршу Свабоды” ў лістападзе 1999 году лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, журналіст Валеры Шчукін і пяць студэнтаў трапілі ў камэры сьледчага ізалятару. Мікола Статкевіч на знак пратэсту трымаў галадоўку.
(Статкевіч: ) “Недзе на дзесяць месцаў у камэры было чалавек 17–18. Людзі спалі па чарзе. Маладыя спалі ўдзень, а ўначы яны займаліся турэмнай поштай. Ганялі там яе… Астатнія спалі ноччу. Толькі пасьля дванаццаці сутак галадоўкі мяне перавялі, я так зразумеў, пад нагляд, у маленькую камэру. Там было два чалавекі, і ў мяне зьявілася сталае месца. Безумоўна, харчаваньне ня вельмі якаснае, але ёсьць такое правіла, што, калі чалавеку прыносяць перадачы, то ён сам вырашае, чым можа падзяліцца з суседзямі”.
Камэры СІЗА заўсёды перапоўненыя. Палітыкаў, альбо вядомых у грамадзтве асобаў, не зьмяшчаюць у нейкіх асобных памяшканьнях. Яны ня маюць прывілеяў. Але час ад часу адміністрацыя ізалятару пераводзіць вядомых асобаў, за лёсам якіх сочаць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у камэры, дзе больш прасторы. Але й гэтыя ўмовы назваць прыстойнымі нельга.
У Расеі ізалятары ня лепшыя за беларускія. Высокапастаўленыя асобы і алігархі трапляюць да суду ў “Матросскую тишину”, дзе больш-менш прыдатныя для жыцьця ўмовы. Уладальнік найбуйнейшай нафтавай кампаніі “Юкас” мільярдэр Міхаіл Хадаркоўскі вывучае тамы сваёй крымінальнай справы ў камэры, дзе разам зь ім сядзяць яшчэ два чалавекі. Ніякіх прывілеяў ён ня мае.
У Беларусі ёсьць адзін сьледчы ізалятар, які адрозьніваецца ад іншых — так званая “амэрыканка”. Туды трапляюць тыя, каго затрымалі супрацоўнікі КГБ і справу вядуць сьледчыя камітэту. Час ад часу туды накіроўваюць і асобаў, справамі якіх займаецца пракуратура. Так было, напрыклад, з “групай Крамсаева” — міліцыянтамі, якія зьбівалі і калечылі людзей. У “амэрыканцы” сядзела былая старшыня Нацбанку Тамара Віньнікава. Цяпер туды трапілі адразу дзьве вядомыя асобы — былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова і былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў.
Справу Жураўковай вядзе камітэт фінансавых расьсьледаваньняў і КГБ, а Ягора Рыбакова — пракуратура Беларусі. На думку назіральнікаў, гэтых асобаў трымаюць у “амэрыканцы”, хутчэй за ўсё, таму, што гэта адзіная турма, дзе яшчэ можна захаваць сапраўдную ізаляцыю. Былыя “зэкі” кажуць, што сёньня са звычайнага сьледчага ізалятару перадаць ліст з камэры ў камэру, альбо з камэры на волю і наадварот — не вялікая праблема.
У ізалятары КГБ умовы ўтрыманьня значна лепшыя, чым у іншых. Там няма цеснаты, а значыць, хапае паветра. Згодна з новым законам, затрыманыя маюць права на спатканьне са сваякамі два разы на месяц і харчовыя перадачы да 30 кіляграмаў. У камэры можна мець лядоўню і тэлевізар, свой посуд і туалетныя прылады.
Прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў наконт умоваў утрыманьня ў “амэрыканцы” спаслаўся толькі на закон:
(Базанаў: ) “Асобны санвузел, а таксама выдзеленае месца, каб прымаць ежу. Гэта прапісана ў законе ў артыкуле чацьвертым… Ну, ня быў я там, ня ведаю”.
19 лютага Галіне Жураўковай выставяць абвінавачаньне. Ці адпусьцяць яе пасьля гэтага, як калісьці Тамару Віньнікаву, пад хатні арышт — невядома.