Пакуль пастаўкі газу абмежавалі на 1 мільён кубамэтраў у гадзіну, паведаміла Свабодзе крыніца ў “Газпроме”. Гэта значыць, што Беларусь недаатрымае прыкладна палову ад сваёй сутачнай патрэбы ў паліве. Пра поўнае спыненьне паставак расейскага газу, апрача транзытных аб’ёмаў, гаворка пакуль ня ідзе.
Застаецца нявырашаным і пытаньне транзыту расейскага газу празь Беларусь. Як вядома, “Белтрансгаз” у аднабаковым парадку ўзьняў кошт за транзыт да 1 даляра 2 цэнтаў за тысячу кубамэтраў на кілямэтар. Расейцы згодныя падпісаць кантракт і на такіх умовах, але беларускі бок ухіляецца ад пагадненьня і, як мяркуюць у “Газпроме”, хоча разыграць гэтую карту на чарговых перамовах пра пастаўкі газу. Паколькі юрыдычных падставаў для транзыту газу з Расеі няма, то Беларусь можа гэты транзыт перакрыць.
Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што Беларусь ня здолее скарыстаць на перамовах з “Газпромам” факту непадпісаньня транзытнага пагадненьня. Калі “Белтрансгаз” адмовіцца пускаць расейскі газ у Эўропу праз сваю газатранспартную сыстэму, то Беларусі гэта нашкодзіць болей, чым Расеі.
(Раманчук: ) “Тады б ціск на Беларусь быў ня толькі з боку Расеі, але таксама з боку Польшчы й Нямеччыны, якая вельмі лагодна ставіцца пакуль да Беларусі. Тады, я мяркую, спадару Лукашэнку вельмі цяжка было бы заставацца ў ценю Эўропы, якая зьвяртае ўвагу на тое, што адбываецца ў нашай краіне”.
Тым часам стала вядома пра новы крэдыт, які Беларусь пагадзілася ўзяць у Расеі. Памер крэдыту сягае 200 мільёнаў даляраў і мэтаў ягонага прыцягненьня афіцыйныя асобы не называюць. Але дакладна вядома, што ён ня пойдзе на стабілізацыю нацыянальнай валюты і на мерапрыемствы, зьвязаныя зь пераходам на расейскі рубель. Пра гэта сказаў начальнік упраўленьян інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў:
(Драздоў: ) “Гэта справа ўраду. Нацыянальны банк нічога не плянуе браць. Нам гэта непатрэбна”.
Некаторыя назіральнікі лічаць, што гэты крэдыт Беларусь можа скарыстаць на выплату даўгоў дастаўцам газу. З прапановай да беларускага кіраўніцтва выдаць крэдыт менавіта на такія патрэбы месяц таму выступаў Уладзімер Пуцін.