Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР АБАРОНЫ АБВЯРГАЕ ЗЬВЕСТКІ ПРА НАЯЎНАСЬЦЬ У БЕЛАРУСІ ЗАБАРОНЕНАЙ ХІМІЧНАЙ ЗБРОІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пытаньне пра хімічную зброю міністру абароны Леаніду Мальцаву задалі ў сувязі з падазрэньнямі, якія нядаўна выказаў польскі часопіс “Wprost”. Паводле польскіх журналістаў, такую зброю могуць хаваць на базе пад Старымі Дарогамі. Леанід Мальцаў гэтыя падазрэньні абверг:

(Мальцаў: ) “Мы няўхільна выконваем усе міжнародныя пагадненьні адносна хімічнай зброі. Да нас штогоду з праверкамі прыяжджаюць сотні інспэкцыяў, і ніколі такога не знаходзілі, хаця яны самі вызначаюць, дзе правяраць. А што да гэтай базы пад Старымі Дарогамі, то я сам там быў, ведаю яе добра. Ніякай хімічнай зброі там няма. Мы гатовыя наладзіць туды праверку, хай самі ўсё паглядзяць”.

Як вядома, Аляксандар Лукашэнка, дамагаючыся паставак расейскага газу па ўнутрырасейскіх коштах, на мінулым тыдні зьвярнуў увагу на тое, што Беларусь фактычна задарма гарантуе паветраную бясьпеку Расеі на заходнім кірунку. Колькі каштуюць гэтыя паслугі Беларусі й колькі сапраўды плаціць за іх Расея, спытаўся я ў міністра абароны. Аднак Леанід Мальцаў ад пэўнага адказу ўстрымаўся:

(Мальцаў: ) “Што да пэўных лічбаў, яны сакрэтныя, ніводная краіна вам ня скажа, колькі што каштуе. Таму камэнтаваць гэтых лічбаў я ня буду”.

Леанід Мальцаў паведаміў, што пытаньне пра тое, каб адмовіцца ад забесьпячэньня супрацьпаветранай бясьпекі Расеі на заходнім кірунку, не разглядалася. Гэта робіцца ў адпаведнасьці з дамовай паміж Беларусьсю і Расеяй, нагадаў міністар абароны. Увогуле, ён высока ацаніў супрацоўніцтва з расейскімі вайскоўцамі. Леанід Мальцаў паведаміў, што Беларусі расейцы неўзабаве перададуць ракетныя комплексы С-300. Іх будзе перададзена дастаткова для ўзбраеньня адной брыгады. Рамонт і наладку гэтай зброі беларускае войска правядзе за свой кошт.

Таксама Расея паабяцала ад 2004 году прадаваць зброю і запасныя часткі па расейскіх коштах. Гэтае правіла будзе распаўсюджанае ня толькі на Беларусь, але і на іншыя краіны СНД, якія ўваходзяць у Дамову аб калектыўнай бясьпецы. Нагадаю, гэта таксама Казахстан, Армэнія, Кіргізія, Таджыкістан.

Дарэчы, Леанід Мальцаў паведаміў, што паводле міжнароднага рэйтынгу вайсковых патэнцыялаў, сярод 164 краінаў сьвету Беларусь за два мінулыя гады паднялася з 45-й на 41-ю прыступку. Вайсковы бюджэт Беларусі складае 1% ад валавога ўнутранага прадукту, але празь некалькі гадоў будзе даведзены да 2%. Хаця беларуская армія за тры мінулыя гады скарацілася з 80 да 59 тысяч вайскоўцаў, яна стала мацнейшая і лепш кіраваная, перакананы міністар абароны. Паводле яго, беларускае войска здольнае супрацьстаяць самай сучаснай зброі, нават той, якая толькі распрацоўваецца за мяжой. Леанід Мальцаў паведаміў, што і сёлета ў Беларусі на загад Аляксандра Лукашэнкі зноў пройдуць вялікія манэўры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG