Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАТРЫМАЛІ ЗЛОДЗЕЯ, ЯКІ ЛЕТАСЬ СКРАЎ ЗАЛАТЫ МЭДАЛЬ КАНДРАТА КРАПІВЫ “СЕРП І МОЛАТ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Грамадзянін Беларусі Юры Ціханаў, які быў пад судом чатыры разы, меў мянушку “Сувораў” — за асаблівую прыхільнасьць да гэтага рэдкага ордэну імя расейскага генэрала. Але ня грэбаваў рэцыдывіст і іншымі ўзнагародамі. У вэтэранаў вайны краў баявыя мэдалі, у былых партыйных і дзяржаўных дзеячоў — ордэны Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі, не абыходзіў увагай і дзеячоў культуры. У нашчадкаў вядомага беларускага пісьменьніка Кандрата Крапівы злодзей летась скраў залаты мэдаль “Серп і молат” і чатыры ордэны Ленiна.

Крадзёж адбываўся паводле вельмі простай схемы. Юры Ціханаў патэлефанаваў дамоў да нявесткі пісьменьніка ды назваўся фотажурналістам, які рыхтуе да выданьня буклет, прысьвечаны 60-годзьдзю Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне. Калі фатаздымка ўзнагародаў была завершаная, гаспадыня запрасіла госьця на кухню на гарбату. З кухні, згадвае сваячка пісьменьніка, госьць некалькі разоў выходзіў, магчыма, тады і падмяніў сапраўдныя ўзнагароды на муляжы. Праверыць гэта цяпер будзе нескладана, бо Юрыя Ціханава нарэшце затрымалі.

Рабаўніка ўзялі ў Маскве, прычым у пад’езьдзе дому, дзе жыве вэтэран-герой, якога злодзей выбраў чарговай ахвярай. Напагатове была тая самая прыдумка пра буклет да Дня перамогі, на якую трапілі сваякі Кандрата Крапівы і яшчэ дзясяткі даверлівых беларусаў сталага веку. Цяпер маскоўскія і беларускія сьледчыя працягваюць сьпіс магчымых крымінальных подзьвігаў Юрыя Ціханава, які абрабаваў больш за 100 уладальнікаў узнагародаў у Беларусі і Расеі.

Чым так прывабліваюць махляроў узнагароды ? На чорным рынку савецкія ордэны каштуюць няшмат, а вось баявыя ўзнагароды знаходзяць пакупнікоў хутчэй, асабліва калі да іх прыкладзенае пасьведчаньне. Зорку Героя з пасьведчаньнем на Захадзе прадаюць за некалькі соцень даляраў, вышэйшы баявы ордэн, кшталту ордэну Суворава, можа каштаваць больш за 1 тысячу даляраў.

У Крымінальным кодэксе Беларусі няма асобнага артыкулу аб адказнасьці за крадзеж узнагародаў, гэтае злачынства раўнаецца да крадзяжу ўласнай маёмасьці. Але супраць выкрадальнікаў узнагародаў можа быць выкарыстаны і артыкул аб буйным махлярстве, які прадугледжвае да 10 гадоў зьняволеньня. Як паведамілі мне ў менскай міліцыі, паводле гэтага артыкулу караюць даволі часта.

А на завяршэньне парада супрацоўніка прэсавай службы менскай міліцыі Алега Сьлепчанкі пра тое, як пазбегнуць страты ўзнагародаў, якія захоўваюцца ў вашым доме:

(Сьлепчанка: ) “Што да ўладальнікаў узнагародаў, ім трэба разумець інтарэс да іх злачынцаў ды імкнуцца пазьбягаць кантактаў з падазронымі асобамі, не ўступаць зь імі ў размовы, перамовы, а тым больш не пускаць дахаты і пакідаць без нагляду рэчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG