Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШКЛОЎЦЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО “ЧОРНАЯ” ПРАЦА Ў РАСЕІ ВЕЛЬМІ НЕБЯСЬПЕЧНАЯ


Марыя Ўсьціновіч, Шклоў

Мужчыны са Шклоўскага раёну, якія актыўна езьдзяць на заробкі ў Расею, лічаць, што сёньня гэта для іх адзіная магчымасьць зарабіць прыстойныя грошы.

(Спадар: ) “Працы ў Беларусі няма. За 100 тысяч нерэальна за іх пражыць. У Расеі за тры-чатыры тыдні можна зарабіць от 300 да 600–700 даляраў у сярэднім”.

Аляксандар даўно езьдзіць у Расею і сьцьвярджае, што большасьць наймальнікаў не клапоціцца пра кантракты і рэгістрацыю рабочых, бо гэта каштуе часу і грошай. Таму беларусы, якія працуюць “па-чорнаму”, правоў ня маюць, і іх часта падманваюць. Аднак гэта ня самае страшнае, што можа здарыцца, сьцьвярджае Аляксандар:

(Аляксандар: ) “Б’юць моцна, ствалы падстаўляюць да горла, і ўсё астатняе. Міліцыі трэба даць. Рэкет, бандыты. Усе жыць хочуць. Яны ведаюць, што ў беларусаў ёсьць грошы, “трасуць” усіх запар”.

Здараецца і так, што мужчыны з расейскіх заробкаў увогуле не вяртаюцца, гаворыць рэдактар газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандар Шчарбак:

(Шчарбак: ) “Я падлічыў, што за апошнія два гады з Расеі прывезлі сем трунаў. Яшчэ два чалавекі немаведама дзе, няма пра іх зьвестак”.

Адзін з жыхароў Шклова вярнуўся з расейскіх заробкаў інвалідам. Мужчыну затрымалі на вакзале ў Санкт-Пецярбургу без дакумэнтаў. Вось што распавядае яго маці:

(Спадарыня: ) “Ён трапіў у палон. Ленінградзкая міліцыя здала яго ў палон дагестанцам. Ён там працаваў сем месяцаў на будоўлі. Потым адбылося абмаражэньне, яго адвезьлі і выкінулі”.

Жанчына лічыць, што прыклад сына павінен навучыць асьцярожнасьці тых, хто езьдзіць працаваць у Расею:

(Спадарыня: ) “Лічу, што гэта вялікая рызыка. Вы ж бачыце, як гэтыя грошы дастаюцца. Інваліднасьцю, альбо зусім не прыяжджаюць і губляюцца”.

У жалобным сьпісе ёсьць імёны двух шклоўскіх кіроўцаў, якім было ўжо за пяцьдзесят гадоў. Яны кінулі сваё прадпрыемства, паехалі ў Расею, каб забясьпечыць сем’і і не вярнуліся. Былыя калегі кіроўцаў тлумачаць, чаму людзі рызыкуюць.

(Спадар: ) “У нас заробак 40–50 тысяч. Грошы патрэбныя. Што ж гэта за мужчына, які грошай не зарабляе? А канечне, каб чалавеку зарабіць на хлеб, трэба кудысьці ехаць і зарабляць. У Расеі плацяць”.

Шклоўцы, якія езьдзяць у Расею, гавораць пра свае бізнэс-пляны: зарабіць на кватэру і аўтамабіль як мінімум. А таму наступныя гады яны не адмовяцца ад працы на расейскіх будоўлях. Таму, нягледзячы на небясьпеку, на рынкі працы ў Падмаскоўі прыяжджаюць шклоўскія будаўнічыя брыгады ў пошуку заробкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG