Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАЧЫНАЕЦЦА ЧЭМПІЯНАТ ЭЎРОПЫ ПА БІЯТЛЁНЕ

Юры Сьвірко, Менск

Міністры спорту краінаў Садружнасьці абмеркавалі пытаньні супольнай падрыхтоўкі спартоўцаў да сёлетніх Алімпійскіх гульняў у Атэнах. Мяркуецца выкарыстоўваць спартовыя базы ў розных дзяржавах СНД. Пакуль жа кіраўнікі спартовых ведамстваў назіралі за падрыхтоўкай комплексу Раўбічы да чэмпіянату Эўропы па біятлёне, удзел у якім возьмуць прадстаўнікі 20 краінаў. У Менск прыехаў і прэзыдэнт Міжнароднага саюзу біятляністаў Андрэс Бэсібэрг, які задаволены падрыхтоўкай спаборніцтваў. Ягонае стаўленьне падзяляе й прадстаўнік Латвіі Яніс Водычарс, які назваў трасу ў Раўбічах найлепшай у сьвеце.

(Водычарс: ) “Усе, хто прыехаў, — каманды, спартоўцы, трэнэры — усе вельмі задаволеныя. Склад, варты чэмпіянату Эўропы”.

Арганізатары кажуць, што біятляністам не давядзецца піхаць адзін аднаго, як гэта было на вузкіх паваротах трасы ў нямецкім Обэргофе, дзе нядаўна скончыўся чэмпіянат сьвету. У Раўбічах шырыня трасы дасягае васьмі мэтраў, а па ўсёй даўжыні яна абсталяваная падсьветкай. Для стрэльбаў будуць выкарыстоўвацца сучасныя электронныя мішэні. Але, хаця самі гонкі лыжнікаў і стрэльбы будуць адбывацца ў Раўбічах, узнагароджваць пераможцаў будуць штовечар на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Менску, дзе вырашылі правесьці й цырымонію адкрыцьця чэмпіянату.

Гэта ня першае агульнаэўрапейскае спаборніцтва ў Менску, але пасьля чэмпіянату па грэцка-рымскай барацьбе ў Беларусь прыяжджалі прадстаўнікі нетрадыцыйных відаў спорту — у 2002 годзе прайшлі чэмпіянаты Эўропы па бодыбілдынгу ды па більярдзе, а летась па спартовых танцах на інвалідных вазках. Як казаў дзяржаўны трэнэр Беларусі па боксе Пятро Віньнік, чэмпіянат Эўропы па ягоным відзе спорце адбыўся ў 1998 годзе менавіта ў Беларусі проста таму, што не было ніякай канкурэнцыі. Ці змагаўся Менск за права правесьці гэты чэмпіянат? Вось як адказаў на гэтае пытаньне старшы трэнэр у справе працы з рэзэрвай беларускай нацыянальнай зборнай па біятлёне Мікалай Манкевіч:

(Манкевіч: ) “Змагацца можна на дыване, а Беларусі даверылі правесьці — вось мы й праводзім гэты чэмпіянат Эўропы. Навошта змагацца? Беларусь, па-мойму, заслужыла правядзеньне — у нас біятлён прэстыжны від спорту”.

Хаця Аляксандар Лукашэнка біятлёнам не займаецца, гэты спорт сапраўды мае прэстыж для беларускай улады. Біятляністы лепшыя за дыпляматаў, сказаў неяк спадар Лукашэнка. 10 гадоў таму на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамэры Сьвятлана Парамыгіна атрымала срэбраны мэдаль, а ў 1998 годзе ў Нагана Аляксей Айдараў быў узнагароджаны бронзай. А хто фінансуе правядзеньне цяперашняга чэмпіянату? Спадар Манкевіч кажа:

(Манкевіч: ) “Мы маем спонсараў. Генэральны спонсар — “Фольксваген”. Таксама Белтэлекам, “Трайпл”, “Фішэр”, “Атомікс”, “Спорт-Юніён”… У прынцыпе, у нас дастаткова спонсараў, якія аказалі дапамогу, плюс тыя грошы, якія выдаткаваныя для фэдэрацыі й для Раўбічаў як спартоваму алімпійскаму комплексу, і гэтак далей — ня толькі бюджэтныя”.

Адметна, што фэдэрацыю біятлёну ў Беларусі ўзначальвае старшыня КГБ Леанід Ерын.
XS
SM
MD
LG