Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛОГА СТАРШЫНЮ БЕЛТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІІ ДА СУДУ БУДУЦЬ ТРЫМАЦЬ ПАД ВАРТАЙ

Любоў Лунёва, Менск

Супраць былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова распачатая крымінальная справа. Яе расьсьледуе сьледчы аддзелу ў справах карупцыі пракуратуры Беларусі. Спадар Рыбакоў падазраецца ў парушэньнях адразу трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — злоўжываньнях службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжах і ў атрыманьні хабару ад кіраўнікоў камэрцыйных структураў за прыняцьце спрыяльных для іх рашэньняў.

Нагадаем, 13 лютага Ягор Рыбакоў згодна з загадам Аляксандра Лукашэнкі быў вызвалены з пасады старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Указ быў падпісаны пасьля сустрэчы генэральнага пракурора Віктара Шэймана з Аляксандрам Лукашэнкам. 13 лютага Ягора Рыбакова затрымалі, а 16 лютага намесьнік пракурора Віктар Прус даў санкцыю на ўтрыманьне Рыбакова пад вартай.

Намесьнікі былога старшыні тэлерадыёкампаніі адмаўляюцца камэнтаваць прад’яўленыя іх кіраўніку абвінавачаньні:

(Апанасовіч: ) “У мяне няма ніякіх камэнтароў з гэтае нагоды… Камэнтаваць абсалютна ня хочацца”.

Некалькі журналістаў БТ праз паўгоду пасьля прыходу Ягора Рыбакова на пасаду кіраўніка кампаніі пісалі лісты ў праваахоўчыя структуры, патрабуючы праверкі фінансавай дзейнасьці кіраўніка кампаніі й некаторых ягоных падначаленых. У выніку іх звольнілі з працы, а спадар Рыбакоў да мінулага тыдня заставаўся на сваёй пасадзе. Многія з тых, хто засталіся працаваць у кампаніі, з радасьцю ўспрынялі навіну аб затрыманьні свайго былога кіраўніка. Спартак Севярын так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Севярын:) “Хадзілі чуткі пра тое, што ён павінен сесьці. Надта тут ужо шмат робіцца такіх справаў, якія падпадаюць пад крымінальны артыкул. Апошнім часам мы пяты паверх называлі “Зона отчуждения”. Пяты паверх заўсёды быў закрыты на электронны замок. Доступ да “цела” мелі толькі дырэктары. Мая асабістая рэакцыя на навіну аб затрыманьні — радасьць. Мы раніцай прачыталі артыкул на сайце Радыё Свабода, і ўсе ўзрадаваліся. Усе казалі: “А за кратамі ён бы вельмі добра глядзеў для нас”.

Калі ў судзе будзе даказаная віна Ягора Рыбакова, то ён можа апынуцца за кратамі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
XS
SM
MD
LG