Меркаваньні маіх выпадковых суразмоўцаў наконт гэтага пытаньня падзяліліся, а найбольш частымі былі такія адказы:
(Юначка: ) “Я думаю, што супраць іміджу, бо высокія пасады павінны займаць людзі адказныя й сумленныя. Спачатку трэба ўважліва прызначаць, а потым судзіць”.
(Карэспандэнтка: ) “Гэткія арышты — яны працуюць на імідж цяперашніх уладаў ці супраць гэтага іміджу?”
(Спадар: ) “Натуральна, што супраць, бо калі такое здараецца, то, натуральна, што такая краіна недэмакратычная”.
(Спадар: ) “Магчыма, што й на імідж. Бо гэтыя недатыкальныя, здаецца, на іх ужо ніякай управы няма — і раптам вось такое здараецца. Магчыма, гэта й правільна, патрэбна чыноўнікаў ставіць на месца”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што, як і ў любой цывілізаванай краіне, на наш імідж нічога не павінна ўплываць. Калі чалавек нешта парушыў, значыць, яго трэба судзіць — так ва ўсіх цывілізаваных краінах робіцца. Гэтак сама й у нас павінна быць, і імідж тут ні пры чым”.
(Спадар: ) “Хто крадзе, той павінны атрымаць належнае пакараньне. Такіх людзей не павінна быць у нашай краіне. І зразумейце, што памылкі магчымыя ўсюды, асабліва пры падборцы кадраў”.
(Юнак: ) “Супраць іміджу, бо калі кіраўнік краіны ставіў іх, на гэтыя пасады, то значыць, ён ведаў гэтых людзей. І чаму так атрымалася, невядома, што там было. Але ў нас вельмі шмат здараецца падобных выпадкаў, і прэзыдэнту, як кажуць, бачна лепш”.
Адметна, што больш ахвотна на пытаньне адказвала моладзь і людзі пэнсійнага веку. Мінакі сярэдніх гадоў, пачуўшы пытаньне пра кіраўніка краіны, ухіляліся ад адказу, альбо наўпрост заяўлялі, што пра дзейнасьць Лукашэнкі нічога казаць ня будуць.
(Карэспандэнтка: ) “Днямі былі зьнятыя са сваіх пасадаў, а затым арыштаваныя кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова й кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў. Гэтыя высокапастаўленыя чыноўнікі ёсьць былымі прызначэнцамі Аляксандра Лукашэнкі. Іхны арышт працуе на імідж цяперашняй улады ці супраць яго?”
(Спадар: ) “Я нават ня ведаў, што іх пазбавілі пасадаў ці арыштавалі. Ніколі не спатыкаўся з гэтымі асобамі, а таму нічога сказаць не магу”.
(Юнак: ) “Тут дваістае становішча: па краіне гэты арышт прэзыдэнту імідж як бы палепшыў: маўляў, прэзыдэнт працягвае барацьбу з карупцыяй і гэтак далей. Але ў вэртыкалі, ва ўладных структурах гэта не надало яму іміджу, бо ніхто ўжо ня хоча несьці адказнасьці: сёньня ты каля стырна, а заўтра невядома дзе”.
(Юначка: ) “Для іміджу краіны гэта ня вельмі добра, бо калі прэзыдэнт нешта робіць, то гэта павінна быць правільна. Павінная быць нейкая пасьлядоўнасьць у ягоных дзеяньнях”.
(Юнак: ) “Па-першае, сам прэзыдэнт прызначаў гэтых людзей: яны пад прэзыдэнтам, як кажуць, хадзілі, рабілі ўсё з дазволу й ведама прэзыдэнта. Безумоўна, гэта адмоўна ўплывае на стасункі Беларусі зь міжнароднай супольнасьцю, і з нашымі ўсходнімі суседзямі, і наогул увесь сьвет дзівіцца з тых падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі. І ў межах краіны Лукашэнка губляе ўсё больш і больш сваіх прыхільнікаў”.
Гэткія адказы мінакоў на пытаньне, як паўплывае на аўтарытэт цяперашняй улады арышт высокапастаўленых чыноўнікаў.