Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЯ ПРЭСА ЛІЧЫЦЬ, ШТО ЛУКАШЭНКА ВЫМУШАНЫ БУДЗЕ ЗДАЦЦА


Віталь Цыганкоў, Прага

Расейскія выданьні шырока цытуюць пятнішнія і суботнія выказваньні кіраўніка Беларусі, асабліва зьвяртаючы ўвагу на ягоныя словы пра магчымы выхад Менску зь некаторых беларуска-расейскіх дамоўленасьцяў. “Лукашэнка пагражае Маскве разрывам дагаворных адносінаў”, – выносіць у падзагаловак газэта “Время новостей”. “Нягледзячы на гучныя заявы, Аляксандру Лукашэнку давядзецца вырашаць: шукаць сродкі на куплю газу ў незалежных пастаўшчыкоў, дамаўляцца з “Газпромам” альбо займацца крадзяжом газу”, – сьцьвярджае “Время новостей”. “Менск замярзае, але трубу не аддае”, – гэткім загалоўкам прыцягвае ўвагу сваіх чытачоў “Газета”. “Прэзыдэнт Лукашэнка адрынае ўсе прапановы Масквы наконт выхаду з крызісу. На мінулым тыдні газавыя адносіны Масквы і Менску перайшлі ў фазу агрэсіўнага процістаяньня”, – канстатуе выданьне.

Нават традыцыйна ляяльная да Лукашэнкі “Парламентская газета” – выданьне Дзяржаўнай думы – выказвае сваё стаўленьне наступным красамоўным загалоўкам: “Упартасьць газу не дадасьць”. “Парламентская газета” адзначае, што ў аўторак, калі скончыцца часовы кантракт на пастаўку газу, адбудзецца адно з двух – “альбо беларускі бок пагаджаецца на ўмовы расейскіх пастаўшчыкоў, альбо, што ня выключана, беларусам прыйдзецца мёрзнуць”.

Новы віток канфлікту зь Беларусьсю можа аказацца апошнім – сьцьвярджае “Российская газета”. Вяртаючыся да гісторыі канфлікту, выданьне спасылаецца на аднаго з чыноўнікаў расейскага ўраду, які заявіў, што газавая мітусьня – пачатак канца гэтак званай Саюзнай дзяржавы. “Сьцягі на плошчах ірваць ня будуць, але фактычна саюз сканае”, – сказаў журналісту неназваны суразмоўца. “Здаецца, пакуль апраўдваюцца выключна песымістычныя прагнозы”, – робіць высновы “Российская газета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG