Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ДЗЯСЯТКІ ПАТЭНЦЫЙНА НЕБЯСЬПЕЧНЫХ ЗБУДАВАНЬНЯЎ

Ігар Карней, Менск

У Беларусі сыгнал да больш пільнай увагі да патэнцыйна небясьпечных збудаваньняў прагучаў яшчэ ў канцы студзеня. Пасьля трагедыі ў Краснапольлі, калі ў часе заняткаў абваліўся дах школьнай спартзалі, сотні кантралёраў паехалі з інспэкцыямі па вялікіх і малых аб’ектах. Апроч таго, загадам Аляксандра Лукашэнкі на ачыстку дахаў ад сьнегу па ўсёй краіне былі кінутыя ўсе — ад вучняў да дырэктараў крамаў. Цягам наступных двух тыдняў статыстыка сьмяротнасьці шматразова перавысіла колькасьць загінулых у Краснапольлі. Ахвярамі невыкананьня нормаў бясьпекі сталіся дзясяткі людзей, якія альбо зваліліся з дахаў, альбо былі пакалечаныя ці забітыя ў той час, як спрабавалі зьбіваць лядовыя наросты.

Апошні час у Беларусі зьявілася шмат збудаваньняў, у якіх выкарыстоўваюцца лёгкія жалезабэтонныя канструкцыі і вялікая колькасьць шкла. Дарэчы, сёлета ў Менску зьбіраюцца здаць самы вялікі аб’ект непрамысловага прызначэньня, які будзе выкарыстоўвацца пад выставы: у прыватнасьці, сюды пераедзе традыцыйны аўтамабільны салон “Маторшоў”.

Плошча гэтага збудаваньня перавысіць 20 тысяч квадратных мэтраў, што аўтаматычна робіць новы аб’ект патэнцыйна небясьпечным. А пакуль што статус небясьпечных збудаваньняў тычыцца найперш спартовых аб’ектаў: гэта зь дзясятак лядовых палацаў ва ўсіх абласных цэнтрах і некаторых раёнах, палацы тэнісу і гімнастыкі ў Менску, нядаўна адрамантаваны палац воднага спорту, палац лёгкай атлетыкі ў Берасьці, нарэшце, самы вялікі ў плошчы аб’ект пад дахам — сталічны крыты футбольны манэж. На кантролі і збудаваньні з больш даўняй гісторыяй — стадыён “Дынама” (асабліва высотная прыбудова трыбунаў), лёгкаатлетычны манэж на вуліцы Даўмана і комплекс спартовага клюбу арміі.

Затым, паводле небясьпечнасьці, ідуць тыповыя будынкі філіялаў банкаў, невялікіх крамаў, забаўляльныя комплексы і шматлікія крытыя кірмашы — усе зь вялікай колькасьцю шкляных паверхняў. Практычна ўсе гэтыя праекты распрацаваныя з улікам эксплюатацыі ў кліматычных зонах зь мінімальным перападам тэмпэратураў, а таму ня вельмі стасуюцца з кантраставым беларускім надвор’ем і трапляюць у шэраг патэнцыйна небясьпечных.

Дарэчы, гарантыі надзейнасьці жалезабэтонных перакрыцьцяў акрэсьленыя ад 50 да 75 гадоў, таму бальшыня патэнцыйна небясьпечных аб’ектаў трывогу выклікаць яшчэ не павінна — тая ж эксклюзіўная “ракавіна” “Белэкспа” збудаваная ў сярэдзіне1980-х. Праўда, ніхто не застрахаваны ад небясьпекі іншага кшталту. Шмат хто памятае, як у пачатку 1980-х дашчэнту згарэў вялізны спартовы комплекс на вуліцы Карбышава. Прычыны таго пажару дагэтуль да канца ня высьветленыя.

Што да аквапаркаў, адзін зь якіх разбурыўся ў мінулую суботу ў Маскве, то ў Менску якраз насупраць “Белэкспа” ўзводзіцца аквапарк “Трапікана”. Летась была здадзеная частка атракцыёнаў пад адкрытым небам; сёлета значная тэрыторыя будзе “апранутая” ў шкло і лёгкія мэталічныя канструкцыі.
XS
SM
MD
LG