Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 ЛЮТАГА СПОЎНІЛАСЯ 15 ГАДОЎ АД ВЫВАДУ САВЕЦКІХ ВОЙСКАЎ З АФГАНІСТАНУ


Ганна Соусь, Менск

У верасьні 1985 году выпускнік Менскай вышэйшай ваенна-палітычнай вучэльні Юры Трапашка быў накіраваны ваяваць у Афганістан. 17 чэрвеня 1986 году ён загінуў у баю. Узгадвае маці Юр’я Таліна Трапашка.

(Трапашка: ) “24 гады было, быў жанаты з студэнткай мэдычнага інстытуту. Калі ён трапіў у Афганістан, у іх нарадзілася дачка. Тады як загад для яго быў. Каб больш вайны такой не было… Каб нашыя дзеці заставаліся тут, каб служылі, абаранялі сваю радзіму, Бацькаўшчыну на сваёй беларускай зямлі”.

Сярод супрацоўнікаў Ваеннай акадэміі Беларусі 65 вэтэранаў вайны ў Афганістане. Падчас урачыстасьцяў з нагоды 15-ай гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістану я зьвярнулася да супрацоўнікаў акадэміі з пытаньнем: як яны ацэньвалі свой ўдзел у вайне ў Афганістане 15 гадоў таму й як ацэньваюць цяпер? Выкладчык Ваеннай акадэміі Генадзь Высоцкі служыў у Афганістане камандзірам ўзводу ў 1988-89 гадах падчас вываду войскаў.

(Высоцкі: ) “Как 15 гадоў таму, так і цяпер мой пункт гледжаньня не памяняўся. Як афіцэр савецкага войска я разумеў, што, можа, не зусім карэктна й правільна было знаходзіцца ў межых іншай дзяржавы, аказваць дапамогу, якую, можа, і ня трэба было аказваць”.

Гаворыць намесьнік дырэктара акадэміі па маральна-псыхалягічным забесьпячэньні Міхаіл Паваляеў:

(Паваляеў: ) “У мяне зьмянілася шмат у маім жыцьці. Знаходзячыся там, я зразумеў, што такое сапраўднае сяброўства, што такое ўзаемадапамога, што такое гонар афіцэра. У душэ засталася горач ад стратаў. Як ацанілі нашыя палітыкі ў пэрыяд перабудовы гэтую вайну… Гэта быў няслушны падыход. Зараз падыходы пераглядаюцца”.

А вось меркаваньні іншых удзельнікаў вайны ў Афганістане:

”Я сам туды паехаў, паводле ўласнага жаданьня. Мне хацелася паглядзець. Як там людзі жывуць. А вайна… Я лічу, што гэта былі мае самыя лепшыя гады”.

“Ці памяняліся погляды? Думаю, што не, хаця памянялася й палітычная сыстэма. Было паняцьце, і яно засталося, што такое доўг, што такое загад. Погляды могуць мяняцца ў сілу палітычнай кан’юктуры толькі ў здраднікаў”.

“Гэтыя гады ў нашай агульнай радзіме ўсё выглядала інакш, паколькі я ўсё ваеннае жыцьцё правёў у савецкім асяродзьдзі. Я ня ведаю. Як можна на гэты час ацэньваць тое, што адбывался ў тыя гады”.

Іншы погляд на афганскую вайну ў Уладзімера Раманцова. У 1983 годзе ён добраахвотна паехаў ваяваць у Афганістан адразу пасьля заканчэньня артылерыйскай вучэльні:

(Раманцоў: ) “Пераасэнсаваньне пачалося ўжо ў Афганістане пасьля таго, як пабачыў, што мы там зьяўляемся захопнікамі, што нас ніхто там не чакаў. Ненавідзелі, нават дзеці кідалі камянямі. І тым больш сёньня проста выглядае дзіка тое, што ўдзельнічалі мы, беларусы ў гэтай вайне. Гэта вайна за чужыя інтарэсы. На чужой зямлі няма ніякага інтэрнацыянальнага доўгу. Абараняць можна толькі сваю краіну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG